Курапаты патрабуюць высілкаў усіх беларусаў, мемарыял проста так не абароніш
Сустрэча з журналістам, абаронцам Курапатаў Маратам Гаравым прайшла ў Глыбокім. У былым будынку суда сабралася каля двух дзясяткаў грамадскіх актывістаў горада.
Падчас сустрэчы Марат Гаравы распавёў прысутным пра грамадзянскую ініцыятыву «Эксперты ў абарону Курапатаў». Таксама вялася размова пра трагічную гісторыю Курапатаў, лёсы людзей, пра ролю грамадскасці ў захаванні памяці і пра расійскі ўплыў на Беларусь.
Паводле Марата Гаравога, Курапаты — гэта такі архіпелаг, які патрабуе высілкаў усіх беларусаў, яго проста так не абароніш. Пра гэта ён распавёў “Радыё Рацыя”:
— Я не лічу, што ўсе павінны там стаяць. Я лічу, што абарона Курапатаў павінна быць як мага больш разнастайнай. Інтэлігенцыя робіць сваё, грамадзяне — сваё, мастакі робяць трэцяе, юрысты — чацвёртае. Хто што можа, той тое і робіць.
Я лічу, што вельмі мала робяць для абароны Курапатаў беларускія гісторыкі — паўтараюць збітыя ісціны, адно і тое ж, а вось даследаванняў, а новых нечаканых хадоў, а новых падыходаў — нічога гэтага няма. Лічбы адны і тыя ж перамываюцца, то яны ўзрастаюць, то змяншаюцца. А дзе далей?
Больш маглі б зрабіць і творцы — беларускія музыкі і класічных твораў, і твораў папулярнай музыкі. І празаікі, і паэты… Тут працы ўсім.
Падчас сустрэчы адбылася і прэзентацыя кнігі Марата Гаравога «НКВД забіваў у Курапатах». Напрыканцы імпрэзы Марат Гаравы падпісаў кнігі ўсім жадаючым і падараваў некалькі паасобнікаў раённай бібліятэцы, а таксама адказаў на разнастайныя пытанні прысутных.