Гамяльчанка, якую трое сутак да суда ўтрымлівалі ў ІЧУ, патрабуе кампенсацыі маральнай шкоды
30 кастрычніка суд Навабеліцкага раёна Гомеля пачне разгляд іску гамяльчанкі Таццяны Бачурнай, якая запатрабавала прызнаць яе ўтрыманне на працягу 3-х сутак да суда пад вартай у ІЧУ незаконным і спагнаць на яе карысць маральнай шкоды ў памеры 1 тыс. руб., паведамляе gomelspring.org.
![Фота TUT.BY Фота TUT.BY](/img/v1/images/bachurnaya_2_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота TUT.BY
«4 верасня 2020 года ў 16.00 гадзін у Гомелі на сваім працоўным месцы я была затрыманая і дастаўленая ў РАУС Навабеліцкага раёна па падазрэнні ў здзяйсненні правапарушэння. Пасля складання пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні мяне прымусова даставілі ў ІЧУ, дзе я змяшчалася да суда пад вартай амаль 3 сутак (з пятніцы да панядзелка). Пагоршыў сітуацыю той факт, што дома ў мяне ўвесь гэты час знаходзілася мае непаўнагадовае дзіця, якога я выхоўваю адна. Суд ужыў да мяне штраф, а вось утрыманне пад вартай на працягу 61 гадзіны засталося без прававой ацэнкі», — заявіла суду пацярпелая жанчына.
Для абароны сваіх інтарэсаў Таццяна ўступіла ў незалежны прафсаюз РЭП, яе ў судзе будзе прадстаўляць прафсаюзны юрыст Леанід Судаленка, які заяўляе, што агульным правілам з'яўляецца знаходжанне чалавека на свабодзе, утрыманне пад вартай павінна быць выключэннем.
«Адміністрацыйны кодэкс прама забараняе ўжываць арышт да жанчын, якія маюць на ўтрыманні непаўналетніх дзяцей. У судзе мы будзем усталёўваць, чаму гэта патрабаванне закона ў выпадку Таццяны Бачурнай не выканана, хто канкрэтна ўзяў на сябе адказнасць за перавышэнне сваіх службовых паўнамоцтваў», — заявіў Л. Судаленка.
Акрамя абласнога УУС адказчыкамі па справе было заяўлена казначэйства па Гомельскай вобласці, якое выплачвае шкоду ў выпадку задавальнення пазоўных патрабаванняў аб маральнай шкодзе, нанесенай дзеяннямі дзяржорганаў.
Ужо вядома, што асабіста міністр фінансаў напісаў у суд ліст аб тым, што Мінфін не можа быць адказчыкам па справе.
Таццяна Бачурная збірала подпісы за адкліканне дэпутата па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе № 36 Вольгі Крэч. Яе затрымалі і абвінавацілі ў парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства.