Гайдукова будуць судзіць 12 чэрвеня
Разгляд справы моладзевага актывіста Андрэя Гайдукова, якога КДБ абвінаваціў у здрадзе дзяржаве і шпіянажы на карысць замежнай выведкі, пачнецца 12 чэрвеня а 10-й гадзіне ў Віцебскім абласным судзе.
Працэс будзе весьці судзьдзя Галіна Ўрбановіч, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Учора старшыня КДБ Валеры Вакульчык заявіў, што паседжанне будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Аднак афіцыйнага рашэньня суду па гэтым пытаньні пакуль няма.
ПЦ «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікаюць кампэтэнтныя органы забяспечыць правядзенне адкрытага
судовага разгляду. Маці актывіста таксама настойвае на тым, каб судовы працэс быў адкрытым.
Сем месяцаў Андрэй Гайдукоў знаходзіцца пад вартай. Паводле КДБ, хлопца затрымалі нібыта «падчас закладкі тайніка са звесткамі, якія могуць цікавіць замежныя
спецслужбы». Паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасьці) яму пагражае ад 7 да
15 гадоў пазбаўлення волі.
Сваякі і знаёмыя не вераць, што Андрэй «здраднік» ці «шпіён». Яны лічаць, што сапраўдная прычына затрымання — гэта апазіцыйныя погляды, праца ў камандах дэмакратычных кандыдатаў падчас выбараў, або мае месца нейкая «грандыёзная правакацыя» — пра гэта Андрэй Гайдукоў пісаў у самых першых лістах з мінскага СІЗА КДБ.