Гуд бай, Масква!
Гулялі, гулялі — і дагуляліся. Нарэшце афіцыйны Мінск зразумеў, што шматлікія гульні ў інтэграцыю ні да чаго не прывялі. У адзін дзень Аляксандр Лукашэнка двойчы катком праехаўся па Маскве. Па меркаванні спецыялістаў, Мінск больш у інтэграцыю не гуляе.
Гулялі, гулялі — і дагуляліся. Нарэшце афіцыйны Мінск зразумеў, што шматлікія гульні ў інтэграцыю ні да чаго не прывялі. У адзін дзень Аляксандр Лукашэнка двойчы катком праехаўся
па Маскве. Па меркаванні спецыялістаў, Мінск больш у інтэграцыю не гуляе.
Аляксандр Лукашэнка 30 сакавіка на нарадзе паводле вынікаў візіту ў Лацінскую Амерыку заявіў: «Так склалася сітуацыя пасля распаду СССР, што мы апынуліся ў сур’ёзнай залежнасці ад
адной ці дзвюх краін па многіх пазіцыях. Ішлі гады, і як ні спрабавалі мы выбудаваць раўнапраўныя адносіны ў Саюзнай дзяржаве, ЕўрАзЭС, СНД, усё больш і больш пачалі праяўляцца тэндэнцыі старэйшага і
малодшага брата».
Як заявіў Лукашэнка, апошнімі гадамі «праблемы тут узнікаюць, як кажуць, на роўным месцы і далёка не заўсёды вырашаюцца канструктыўна і хутка». «Прама скажу, парадаксальная
сітуацыя складваецца ў адносінах з урадам Расіі, — адзначыў ён. — Рэч не ў тым, каб чарговым разам укалоць расійскі ўрад ці Пуціна. Мы бачым, колькі праблем не вырашаецца
з-за суб’ектыўнай пазіцыі расійскага кіраўніцтва».
Паводле слоў Лукашэнкі, беларускі бок падпісвае сур’ёзныя дакументы, дасягае маштабных дамоўленасцей са сваім стратэгічным саюзнікам, але пры гэтым ніяк не атрымліваецца дамагчыся празрыстых
і справядлівых умоў узаемнага гандлю. «Больш за тое, нашы крокі па пашырэнні супрацоўніцтва суправаджаюцца саркастычнымі каментарамі з іх боку», — сказаў беларускі
кіраўнік.
А на сустрэчы з дзейным старшынёй АБСЕ, міністрам замежных спраў Казахстана Канатам Саудабаевым беларускі правадыр казаў аб недапушчальнасці выпустошвання асноватворнай ідэі Мытнага саюза Беларусі,
Казахстана і Расіі. «Калі мы дамовіліся аб канцэптуальным палажэнні — аб тым, што ствараецца адзіная цэласная мытная тэрыторыя, то гэта значыць, што ніякія выключэнні і абмежаванні
тут недапушчальныя — ні па якіх гандлёвых пазіцыях», — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта.
Здавалася б, пры чым тут АБСЕ? Ні пры чым. Але шмат хто лічыць, што такім чынам Аляксандр Рыгоравіч намякнуў Казахстану аб гатоўнасці «сябраваць супраць Расіі». Больш за тое,
эксперты ўсур’ёз пачалі казаць, што Беларусь задумваецца аб выхадзе з Мытнага саюза.
Сапраўды, калі асноўны аб’ём нафты будзе пастаўляцца з мытнымі пошлінамі, нам такі Мытны саюз не патрэбны. Улада ж губляе шмат чаго. Па-першае, згубіцца «беларускі эканамічны
цуд», што не дадасць кіраўніцтву папулярнасці напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. А па-другое, не тое што не дададуць папулярнасці, але выклічуць нават нянавісць новыя мытныя пошліны на
еўрапейскія аўтамабілі. Як бы ні называлі чыноўнікі іх «аўтахламам», усё роўна гэты «аўтахлам» значна лепшы за прадукцыю АўтаВАЗа, які хутка зойме лідзіруючыя
пазіцыі на рынку каляровых і чорных металаў.
Партыя БНФ ужо ўхапілася за гэтую тэму, абвясціўшы стварэнне ініцыятыўнай групы па правядзенні рэферэндуму супраць пошлін. Але пакуль што гэтая праца ідзе паволі. Затое простыя грамадзяне стварылі
грамадскае аб’яднанне «За аўто», асноўнай мэтай якога пакуль з’яўляецца захаванне мытных пошлін на ўзроўні 2009 года.
Як паведаміў прэсе старшыня аргкамітэта па стварэнні аб’яднання Арцём Шаркоў, напачатку мая нас чакае відовішчнае шоу: аўтапрабег з перадачай подпісаў за захаванне мытных пошлін у дзяржаўныя
ўстановы, у тым ліку і ў Адміністрацыю прэзідэнта.
Так што ва ўлады ёсць шанец прыгожа выйсці з Мытнага саюза «па просьбах працоўных». Ці, прынамсі, захаваць сённяшнія мытныя пошліны на аўто ў адказ на захаванне пошлін на
нафту.
Тым часам кампанія па выбарах у мясцовыя саветы ў Беларусі ўступіла ў самую актыўную фазу — у фазу агітацыі. Аднак наўрад ці мы пабачым на гэтых выбарах нейкія сюрпрызы і навацыі. Нават
нягледзячы на тое, што Нацыянальная Рада БХД у нядзелю прыняла рашэнне аб далейшым удзеле ў мясцовых выбарах, ва ўсялякім разе, да датэрміновага галасавання. Проста таму, што гэтыя выбары нікога не
цікавяць.
Праваабаронцы, якія праводзілі маніторынг рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, заяўляюць, што ўсяго па краіне зарэгістраваныя 25 033 кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў. «Калі браць па ўсёй
краіне, гэта толькі 1,1 кандыдата на кожную выбарчую акругу. З аднаго боку, гэта сведчыць пра тое, што грамадства не ўспрымае мясцовыя саветы як рэальны орган улады і не лічыць выбары свабоднымі, з
другога — што працэс вылучэння кандыдатаў у дэпутаты быў арганізаваны «вертыкаллю». Няма такіх акруг, у якіх адсутнічалі б кандыдаты ў дэпутаты. Па кожнай акрузе хтосьці ды
балатуецца», — лічыць старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак.
Апроч таго, па яго меркаванні, складана будзе пабачыць і пікеты кандыдатаў у дэпутаты. Справа ў тым, што ў Выбарчы кодэкс унесена норма пра тое, што агітацыйныя пікеты кандыдатаў у дэпутаты могуць
праводзіцца ў любых не забароненых для гэтага месцах. Раней «пікеты кандыдатаў у дэпутаты стаялі ўсюды, дзе можна, але міліцыя глядзела на гэта скрозь пальцы і не пыталася ў людзей дазволу
на правядзенне пікета. Сёння ж мясцовыя органы ўлады павінны вызначыць спіс месцаў, дзе пікеты праводзіць забаронена. «На справе гэта выльецца ў тое, што пікеты забараняюцца ў любых людных
месцах. Такім чынам, дэмакратызацыя Выбарчага кодэкса можа быць выкарыстана на шкоду выбарчай кампаніі», — лічыць Гулак.
Акрамя таго, цікавую думку на тыдні выказалі псіхолагі. Забараняльныя меры могуць актывізаваць цікавасць моладзі да азартных гульняў або гей-парада. Пра гэта заявіла прарэктар па выхаваўчай працы
Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі кандыдат псіхалагічных навук Аксана Папова.
Адказваючы на пытанне адносна магчымага правядзення гей-парада ў Мінску, яна зазначыла, што цікавасць маладых людзей у падлеткавым і раннім юнацкім узросце заўсёды арыентаваная на навізну і забароны.
«Забарона можа выклікаць выбух актыўнасці сярод моладзі, — сказала яна. — Неабходна наладзіць дыялог з моладдзю, паказаць негатыўныя і пазітыўныя бакі якой-небудзь падзеі,
уключыць моладзь у самастойны пошук аргументаў». Такім чынам, паводле слоў спецыяліста, у маладых людзей фарміруецца актыўная жыццёвая пазіцыя.
Дык, можа, нам трэба было б забараніць мясцовыя выбары?