Гнеў народа — крайняя неабходнасць

Пасля чарговай абразы Лукашэнкам сваіх апанентаў жыхар Гомеля не вытрымаў. І патрабуе ад кіраўніка дзяржавы публічнага папрасіць прабачэння. Пры гэтым ён падкрэслівае, што не з’яўляецца сябрам ніякіх палітычных партый. Сваё меркаванне пра выбары і атмасферу ў краіне ён выклаў у лісце ў рэдакцыю газеты і падмацаваў яго артыкуламі Канстытуцыі і Крымінальнага кодэкса. Друкуем ліст чытача з Гомеля Валерыя Яроцкага са скарачэннямі.

Пасля чарговай абразы Лукашэнкам сваіх апанентаў жыхар Гомеля не вытрымаў. І патрабуе ад кіраўніка дзяржавы публічнага папрасіць прабачэння. Пры гэтым ён падкрэслівае, што не з’яўляецца сябрам ніякіх палітычных партый. Сваё меркаванне пра выбары і атмасферу ў краіне ён выклаў у лісце ў рэдакцыю газеты і падмацаваў яго артыкуламі Канстытуцыі і Крымінальнага кодэкса. Друкуем ліст чытача з Гомеля Валерыя Яроцкага са скарачэннямі.
За дзень да выбараў я патэлефанаваў Юры Клімовічу (кіраўніку Гомельскага штаба кандыдата Рымашэўскага) і запытаў, дзе намячаецца сустрэча з кандыдатам у прэзідэнты Кастусёвым. Ён мне адказаў, што сустрэча прызначана на 18.00 у школе № 26, што ён таксама збіраецца туды прыйсці. Пры выхадзе з дому Клімовіча арыштавалі. Затрымлівалі яго двое міліцыянераў (без прад’яўлення дакументаў). У дзень выбараў яго трымалі ў міліцыі. Тым самым здзейснілі злачынства па артыкуле 191, ч. 2 КК РБ (перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў грамадзянінам, здзейсненая службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, прадугледжвае да 5 гадоў пазбаўлення волі).
20 снежня 2010 года Клімовіча павялі ў суд, і ў закрытым пасяджэнні суддзя Дамненка вынесла пастанову — 15 сутак арышту за абразу. Ілжэсведка ў судзе так і не з’явіўся. Клімовіч з першага дня абвясціў галадоўку. 15 дзён голаду і ўмовы ўтрымання нанеслі сур’ёзную шкоду яго здароўю. Ён вельмі схуднеў і нават пажаўцеў.
Як выявілася, 20 снежня 2010 года аналагічна былі арыштаваныя прадстаўнікі штабоў Някляева і Статкевіча. Ім вынеслі вырок — па 12 сутак арышту. Прадстаўніка штаба Саннікава не змаглі знайсці, бо ён не насіў з сабой мабільны тэлефон.
19 снежня ў 13.00 я прыйшоў на выбарчы ўчастак № 36, які размяшчаўся ў школе № 67 Гомеля. Побач з нашым участкам знаходзіліся яшчэ тры ўчасткі. Міліцыі было больш за выбарцаў, прычым у асноўным міліцыянты расхаджвалі каля буфета. Калі я туды зайшоў, то не паверыў уласным вачам: у буфеце школы прадавалі гарэлку і віно на разліў.
Назіральнікаў ад СНД на ўчастках не было. Я яшчэ тры гадзіны знаходзіўся на ўчастку, прадстаўнікі ад СНД так і не з’явіліся. Не было і прадстаўнікоў «экзіт-пола». Мне сказалі, што назіральнікі былі з раніцы (адзначыліся). Пасля я прайшоў яшчэ 10 выбарчых участкаў, і нідзе не сустрэў назіральнікаў ад СНД. Таму я не змог паведаміць ім пра незаконны арышт Клімовіча. Затое ў зацемненым месцы аднаго з дамоў убачыў траіх маладых людзей з паменшанай выбарчай урнай. Калі яны заўважылі мяне, то чамусьці спужаліся. Звесткі пра арышт я перадаў мясцовым назіральнікам на некалькіх участках.
Краіна адкацілася да першабытнаабшчыннага ладу. Канстытуцыя не выконваецца, парушаецца амаль кожны артыкул. Выбары залежаць ад аператыўных дзеянняў Васі Пупкіна, і, як вынік, мы маем прабітыя галовы кандыдатаў.
Злачынствы ў дачыненні да кандыдата ў прэзідэнты Някляева з’яўляецца замахам на яго жыццё. Яно было здзейснена ў 19.30. Гэта значыць, у той момант, калі ён яшчэ прэтэндаваў на пасаду прэзідэнта. Гэта злачынства падпадае пад артыкул 366 ч. 2 Крымінальнага кодэкса, што прадугледжвае да 8 гадоў пазбаўлення волі выканаўцу і заказчыку. І, згодна з арт. 12 ч. 4 КК РБ, з’яўляецца цяжкім.
Някляева абавязаны неадкладна вызваліць, і па дадзенай справе ён павінен праходзіць як пацярпелы кандыдат у прэзідэнты.
Зараз спецслужбы выбіваюць ілжэсведчанні, прычым у кандыдатаў у прэзідэнты. Згодна з арт. 27 Канстытуцыі, доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы.
У сувязі з выкладзеным вышэй, «гнеў народа», які выявіўся 19 снежня з 22 да 23 гадзін, не з’яўляецца злачынствам (артыкул 36 ч. 1 Крымінальнага кодэкса — крайняя неабходнасць). Не з’яўляецца злачынствам дзеянне, здзейсненае ў стане крайняй неабходнасці (у абарону інтарэсаў грамадства, дзяржавы). Абарона Канстытуцыі РБ і з’яўляецца «крайняй неабходнасцю».