Фотатэрапія. Восеньскія шпацыры

Сёлета восень не вельмі балуе беларусаў цёплым «залатым» надвор'ем: то дажджы на некалькі дзён, то незвычайна халоднае надвор'е амаль адразу пасля жнівеньскага сонейка. Бывае, што тут зробіш! Але на пачатку кастрычніка мы атрымалі нечаканы падарунак — некалькі дзён сонца і цяпла, якога так не хапае зараз нашым прастуджаным душам.

_belarus_vosen_nadvor_e_2022_szpacyry_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__22__logo.jpg


За працоўны тыдзень, канечне, усе стаміліся. Але яшчэ больш мы стаміліся ад шэрасці навокал, страшных навінаў, нявызначанасці і няўпэўненасці — гэта псуе настрой горш за любы дождж і халодную батарэю ў кватэры. Нават варушыцца іншым часам не тое каб не хочацца, а хутчэй не можацца. Ангеданія з кожным тыднем усё больш упэўнена адчувае сябе ў нашых целах і душах.
Стоп! Нас так проста не возьмеш!


Мы ходзім і будзем хадзіць на шпацыры, радавацца сонейку, шамацець жоўтым і чырвоным лісцем. Мы дапамагаем і будзем дапамагаць тым, каму гэта патрэбна. Мы дасылаем і будзем дасылаць лісты і бандэролі нашым героям за кратамі. Мы робім і будзем рабіць усё, каб неўзабаве спраўдзілася наша самая галоўная Мара. Магчыма, для гэтага спатрэбіцца больш часу, чым мы жадаем і чакаем. Усё адбываецца ў свой наканаваны час — гісторыя шмат разоў гэта даказала і даказвае.


Шпацыруем разам і атрымліваем асалоду ад выгляду родных мясцін. Хтосьці крочыць па парку, хтосьці спрабуе здабыць шчупака на возеры, хтосьці павольна ходзіць па лясах у пошуках баравікоў-прыгажуноў, хтосьці вандруе па краіне на ровары ці на аўто з сям'ёй... Гэта мы — такія розныя звонку і такія падобныя ўнутры сваёй любоўю да Беларусі.


Міру, дабрабыту, добрага надвор'я, прыемных шпацыраў і вандровак!Жыве Беларусь!