Філосаф Уладзімір Мацкевіч пачаў галадоўку ў турме

Уладзімір Мацкевіч, які з 4 жніўня 2021 года знаходзіцца ў зняволенні, распачаў галадоўку. «Ва ўмовах несвабоды ён задае свае правілы гульні», — пішуць яго калегі.

Фота: eurobelarus.info

Фота: eurobelarus.info

Філосаф-палітвязень адмаўляецца ад ежы сёння, 4 лютага, і да выканання патрабаванняў. Першыя дзесяць дзён ён збіраецца галадаваць на вадзе. У выпадку невыканання патрабаванняў, па заканчэнні 10 дзён ён пяройдзе да сухой галадоўкі.


«Ва ўмовах несвабоды ён задае правілы гульні, прымушае рэагаваць на свае дзеянні, змяняе сітуацыю, — пішуць калегі. — Галадоўка — крайняя мера. І Уладзімір мае вопыт галадоўкі, у якой патрабаванні былі выкананы: царква Новае жыццё адстаяла свой будынак. Тады ён галадаваў 23 дні. Не ў турме.

Галадоўка — гэта спосаб ціску. Адзіным аргументам палоннага, можа быць сваё цела, сваё жыццё.

Мы ведаем, што сёння для рэжыму практычна няма аргументаў, ён не баіцца асуджэння, не імкнецца выглядаць цывілізавана. Але тым не менш — чым шырэй рэзананс і напружанне, тым больш шанцаў для перамогі Уладзіміра».

 Уладзімір Мацкевіч выставіў наступныя патрабаванні:

- змяніць меру стрымання на падпіску аб нявыездзе;

- завяршыць следчыя дзеянні і перадаць справу ў суд;

- прызначыць дату судовага разбіральніцтва.