«Калі сказалі, што вызваляюць, хтосьці заплакаў». Як сустракалі на волі Аляксандра Васілевіча

У Мінску 4 лютага сузаснавальніку выданняў «KYKY» і «The Village Беларусь» Аляксандру Васілевічу вынеслі прысуд і вызвалілі ў зале суда. Тое, што бізнесмена адпусцілі пасля сямнаццаці месяцаў, якія ён правёў у СІЗА, стала нечаканасцю для родных і знаёмых, тых, хто прыйшоў яго падтрымаць. Блог «Адлюстраванне» распавёў, як Васілевіча сустракалі на волі.

Аляксандр Васілевіч. Фота з сацсетак

Аляксандр Васілевіч. Фота з сацсетак


Адно з першых фота Аляксандра Васілевіча на волі і, мабыць, самае кранальнае — дзе ён упершыню за 17 месяцаў абдымае маму. Але незадоўга да гэтага быў не менш эмацыйны момант, калі суддзя абвясціла, што яго вызваляюць проста ў зале суда.
— Калі яму абвясцілі (прысуд) тры гады калоніі — я адразу стаў лічыць у галаве, колькі ён ужо адбыў. А потым кажуць, што вызваляюць у зале суда ... усё, што казалі далей, я ўжо не слухаў. На гэтым моманце хтосьці заплакаў. Ва ўсіх былі моцныя эмоцыі, людзі радаваліся. Я таксама быў вельмі ўзрадаваны, — распавядае Уладзімір, знаёмы Аляксандра.
Ён прызнаецца, што не чакаў, што Васілевіча адпусцяць проста ў зале суда, таму што «ўсё стала больш жорсткім». Спадзеў з'явіўся толькі пасля таго, як суразмоўца даведаўся, што жонка Васілевіча — Надзея Зелянкова — больш не праходзіць падазраванай па той жа справе.

Аляксандр Васілевіч. Фота з сацсетак

Аляксандр Васілевіч. Фота з сацсетак

— Разумеючы, што я не блізкі сваяк і ёсць тыя, каго ён хоча ўбачыць у першую чаргу, я выйшаў на вуліцу, каб спачатку яго сустрэлі родныя. Потым, калі ўсе яны выйшлі з будынка суда, усе абдымаліся, гаварылі, жартавалі. Я папрасіў прабачэння перад ім за тое, што сустракаю без двух падвойных эспрэса; патлумачыў, што гэта таму, што не было ўпэўненасці, што яго адпусцяць.
Знаёмыя Уладзімір і Аляксандр не так даўно — з лета 2020 года. Але, як кажа суразмоўца, абставіны іх зблізілі і зрабілі прыяцелямі. А пазнаёміліся мужчыны падчас адбыцця адміністрацыйнага арышту яшчэ летам 2020 года. У той раз Васілевіча затрымалі, калі ён прыйшоў у КДБ падаць хадайніцтва аб змене меры стрымання Віктару Бабарыку. Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу і прысудзілі 14 сутак адміністрацыйнага арышту.
— Мы сядзелі ў адной камеры. Нашы сукамернікі-п'яніцы марылі выйсці і выпіць, а мы з Сашам марылі пра каву. Кавы тады хацелася шалёна моцна. І ён гаварыў: «Усё, як выйдзем, зойдзем адразу ў першы бар і замовім эспрэса». Я падтрымліваў — падвойнае. Вось так мы марылі пра два падвойных эспрэса. Потым, калі ён ужо быў у СІЗА, часта ў нашай перапісцы пра гэта гаварылі. Я пісаў яму, што эспрэса ўжо замерзла і пара выходзіць, — успамінае Уладзімір.
На вуліцы каля будынка суда размовы і жарты змяшаліся з моцнымі эмоцыямі і слязьмі, кажа Уладзімір. Усяго бізнесмена сустракалі каля 30 чалавек.
— Былі моцныя эмоцыі. Саша падзякаваў усім, што прыйшлі. Але чалавек жа доўга ў зняволенні, таму відаць было, што разам з радасцю ў яго ёсць трохі разгубленасці.
Нагадаем, Аляксандра Васілевіча затрымалі 28 ліпеня 2020 года, калі ён прыйшоў у КДБ, каб падаць хадайніцтва аб змене меры стрымання Віктару Бабарыку. 30 ліпеня суд Фрунзенскага раёна Мінска прызначыў яму 14 сутак арышту.
27 жніўня 2020 года супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю правялі ператрусы ў офісе агенцтва «Vondel / Hepta», якім валодае Васілевіч. Ператрус прайшоў і ў яго дома. Пасля гэтага бізнесмена адвезлі на допыт у ДФР. Пазней яго жонка Надзея Зелянкова паведаміла, што муж затрыманы.
Крымінальная справа Васілевіча разглядалася ў закрытым рэжыме па хадайніцтве пракурора.
4 лютага бізнесмена прызналі вінаватым ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў» (ч. 2 арт. 243 КК) і прызначылі тры гады калоніі агульнага рэжыму. Яго вызвалілі ў зале суда ў сувязі з заканчэннем тэрміну прыцягнення да адказнасці. У СІЗА Васілевіч правёў 1 год, 5 месяцаў і 8 дзён.