Фігуры тыдня: Вікторыя Азаранка, Алег Сільвановіч, Алег Алкаеў

Вікторыя Азаранка

Першая ракетка свету беларуска Вікторыя Азаранка ўвайшла ў спіс прэтэндэнтак на званне найлепшай спартсменкі года па версіі Міжнароднай асацыяцыі спартыўнай прэсы (AIPS). Галасаванне будзе доўжыцца да 28 снежня.



azarenka.jpg

За званне найлепшай спартсменкі года Азаранка змагаецца з 13-ю канкурэнткамі, сярод якіх дзве тэнісісткі: Серэна Уільямс і Марыя Шарапава.
Вікторыя Азаранка завяршае сезон на першым радку жаночага сусветнага тэніснага рэйтынгу. Сёлета яна ўстанавіла новы рэкорд Жаночай тэніснай асацыяцыі па колькасці прызавых, заробленых за адзін сезон. У 2012 годзе Вікторыя выйграла шэсць турніраў, зарабіла 7 923 920 долараў. Усяго ж за прафесійную тэнісную кар’еру Вікторыя Азаранка зарабіла 16 857 277 долараў прызавых.
У мужчынаў на тытул найлепшага спартоўца года прэтэндуюць Усэйн Болт (бег), Фернанда Алонса, Себасцьян Фетэль (Формула–1), Андрэс Ін’еста, Крыштыяну Раналду (футбол), Новак Джокавіч (тэніс), Уладзімір Клічко (бокс), Майкл Фэлпс (плаванне) ды іншыя.
 


silvanovich.jpg


 

Алег Сільвановіч
Гендырэктар «Беларусьфільма» адной з галоўных праблем беларускага кінематографа назваў выхад на ўнутраны рынак, паведамляе БелаПАН.
«Выпуск беларускага кантэнту ў беларускі кінапракат з’яўляецца пытаннем прысутнасці на рынку і прэстыжу, але не эканамічнай выгады. Эканамічны сэнс для «Беларусьфільма» мае праца на чужы рынак, перш за ўсё на расійскі», — сказаў Сільвановіч на прэс-канферэнцыі 18 снежня. Паводле яго слоў, праца з калегамі з Расіі дазваляе кінастудыі атрымліваць фінансы, якія потым яна можа ўкласці ў праекты нацыянальна-мастацкага значэння.
Выказваючы сваё меркаванне пра ўнутраны рынак краіны, Сільвановіч падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва з беларускімі тэлеканаламі. Ён паведаміў, што ў 2012 годзе «Беларусьфільм» сумесна з «Белтэлерадыёкампаніяй» выпусціў кінаверсію серыяла «Выкрасці Бельмандо», а з тэлеканалам АНТ у стадыі мантажу знаходзіцца чатырохсерыйны праект «Сляды апосталаў». Аднак работу з расійскімі тэлеканаламі гендырэктар «Беларусьфільма» лічыць больш выгаднай з фінансавага пункту гледжання. За прэм’ерны кінапаказ у Расіі, прызнаўся Сільвановіч, можна атрымаць да мільёна долараў, тады як у Беларусі — каля 10 мільёнаў рублёў.
 



alkaew.jpg

Алег Алкаеў
Былы начальнік мінскага СІЗА № 1, аўтар кнігі «Расстрэльная каманда» — працягвае весці сваё расследаванне пра зніклых беларускіх палітыкаў. Алкаеў упэўнены ў існаванні відэазапісу пакарання зніклага былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі. «Я хачу падкрэсліць, што гэтыя справы замяць не атрымаецца, таму што яны не маюць тэрміну даўнасці. І адказнасць за папушчальніцтва пры расследаванні такога роду злачынстваў таксама бестэрміновая. Нагадаю, што ў 1999–2000 гадах у Беларусі зніклі палітычныя праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі — экс-кіраўнік МУС генерал Юры Захаранка, былы намеснік старшыні Вярхоўнага савету Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі і журналіст Зміцер Завадскі. Я звяртаю ўвагу на тое, чаму больш за 10 гадоў не прасоўваецца следства па гэтых справах», — сказаў Алкаеў у інтэрв’ю «Deutsche Welle».
«Прынята лічыць, што асноўная віна ляжыць на кіраўніцтве краіны. Але нельга выключаць і адказнасці работнікаў следчага апарата, якім матэрыялы перадаваліся з рук у рукі, а расследаванне так і не зрушылася з месца. Напрыклад, чаму следчы Святлана Байкова, якая першыя два гады вяла справа аб знікненні Захаранкі, ведаючы ўсе абставіны, адводзіла следства ў бок? Яна шукала Юрыя Захаранку ў Германіі, дзе ён нібыта хаваўся. Па беларускім тэлебачанні нават паказвалі кадры дома, дзе «пасяліўся» зніклы генерал. Але ж следчы выдатна разумела, дзе трэба шукаць яго цела. Віна ляжыць не толькі на ёй, я назаву і іншыя імёны», — сцвярджае Алкаеў. Алкаеў таксама не лічыць, што яго цікавасць хтосьці можа выкарыстоўваць і адвесці па лжывым следзе. «Як мяне можна выкарыстоўваць? Я проста цікаўлюся тым, чым абавязаны былі цікавіцца следчыя пракуратуры, і збіраю факты для новай кнігі. Я мог бы апрацаваць існуючы матэрыял і выдаць новую, добра чытаную кнігу. Але ў будучыні следству па гэтых справах спатрэбяцца не эмоцыі, а факты», — адзначыў Алкаеў, які цяпер мае статус палітуцекача ў Германіі.