Фелікс Акерман: “Беларусы ў Гродне — нацыянальная суполка нароўні з палякамі”
У СССР усе народы, акрамя расійскага, разглядаліся як нацменшасці. Беларусь атрымала такое мысленне ў спадчыну, і нават сёння беларусы ў сваёй краіне мусяць заваёўваць сабе правы.
Фелікс Акерман
Такой думкай падзяліўся нямецкі даследчык Фелікс Акерман падчас адкрытай лекцыі ў Гродне.
Менавіта ў савецкі час беларускасць падкрэслівалася выключна як фальклорная з’ява. Адгалоскі такога мыслення пра нацыянальныя культуры бачныя сёння ў тым, як выглядае адна з гарадзенскіх асаблівасцей — фестываль нацыянальных культур.
З пытання пра фестываль і пачаў свой выступ Фелікс. Сустрэча не была падобная да тыповай лекцыі — даследчык часта звяртаўся да публікі. Што прыемна, на добрай (як для немца) беларускай мове.
У сваёй прамове Фелікс храналагічна прадставіў змены ў мясцовай супольнасці Гродна ў ХХ ст., што адпавядае канструкцыі яго дысертацыі “PalimpsestGrodno. Nationalisierung, NivellierungundSowjetisierungeinermitteleuropäischenStadt1919-1991”. Яна ўжо перакладаецца на беларускую мову і мае быць выдадзеная часопісам ARCHE. Аднак, у сувязі з праблемамі, якія мае часопіс, складана прагназаваць, калі з даследваннем зможа пазнаёміцца беларускі чытач.
Сустрэча сабрала каля 30 чалавек: прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці, журналістаў, моладзь, грамадскіх актывістаў.
Лекцыя адбылася ў межах СпецПраекта “Еўрапейскае кафэ: адкрытая прастора Еўропы”. Арганізатары лекцыі: партал “Новая Еўропа” і інтэрнэт-газета “Твой стыль”.
Здымкі Яна Лялевіча