Еўрапейскі ўкол

Савет міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза пашырыў візавыя санкцыі — спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў у Еўропу дапоўніўся яшчэ 13 прозвішчамі пракурораў і суддзяў, якія датычныя да прысудаў «па справах 19 снежня».

Першапачаткова меркавалася, што будуць уведзеныя эканамічныя санкцыі супраць шэрагу прадпрыемстваў, у ліку якіх «Белнафтахім», «Белтэхэкспарт», «Трайпл» і «Беларускалій». Аднак у выніку Брусэль абмежаваўся толькі персанальнымі санкцыямі.



fcd4c889d516a54d5371f00e3fdd70dc.jpg

Савет міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза пашырыў візавыя санкцыі — спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў у Еўропу дапоўніўся яшчэ 13 прозвішчамі пракурораў і суддзяў, якія датычныя да прысудаў «па справах 19 снежня».
Першапачаткова меркавалася, што будуць уведзеныя эканамічныя санкцыі супраць шэрагу прадпрыемстваў, у ліку якіх «Белнафтахім», «Белтэхэкспарт», «Трайпл» і «Беларускалій». Аднак у выніку Брусэль абмежаваўся толькі персанальнымі санкцыямі.
Цяпер у поўны спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў уваходзяць 188 чалавек. Сярод «навічкоў» — суддзі, што вялі працэсы над удзельнікамі мітынгу 19 снежня, начальнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Беларусі, дырэктар Талькаўскай школы, дзе працавала звольненая з палітычных матываў настаўніца Наталля Ільініч.
Прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных візавыя санкцыі ацаніў як «непрыхаваны ціск на беларускіх суддзяў і пракурорскіх работнікаў». «Гэты падыход прымушае сумнявацца ў прыхільнасці ЕС прынцыпу незалежнасці судовай улады. Мы перакананыя, што адзіны рэальны выхад з канфрантацыйнай логікі дзеянняў магчымы толькі праз раўнапраўны і канструктыўны дыялог», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні МЗС Беларусі.
Трэба сказаць, што ўлады нервова рэагуюць на візавыя абмежаванні. З прычыны пасяджэння Рады ЕС па санкцыях супраць беларускіх уладаў ці не, але апошнія прысуды па справах аб 19 снежня былі больш мяккімі, чым папярэднія. А двум экс-кандыдатам у прэзідэнты вынясенне вердыктаў суда перанеслі на нявызначаны тэрмін.
На пачатку мая агенцтва Інтэрфакс-Захад са спасылкай на крыніцу ў Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі паведаміла, што ў выпадку ўвядзення Еўрасаюзам у адносінах да Беларусі эканамічных санкцыяў беларускія ўлады ў адказ могуць прапанаваць паслам шэрагу дзяржаў ЕС пакінуць межы краіны, а таксама забараніць выезд за мяжу двумстам прадстаўнікам апазіцыі. Зрэшты, яшчэ ў сакавіку прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных гаварыў, што падрыхтаваны спіс асоб, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі. Аднак на практыцы пакуль нічога рэалізавана не было.
Хіба што можна прыгадаць нядаўні інцыдэнт: беларускія памежнікі анулявалі Яўгену Вапу — старшыні ўправы Радыё Рацыя (Беластоцкая радыёстанцыя) і галоўнаму рэдактару тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» —уязную візу. Яўген Вапа мяркуе, што ануляванне візы і ўнясенне яго прозвішча ў спіс непажаданых у Беларусі асоб з’яўляецца адказам на дзейнасць незалежных СМІ, якія вяшчаюць на тэрыторыю Беларусі.
Палітолаг Валеры Карбалевіч згодны, што санкцыі ЕС для беларускага рэжыму непажаданыя. «Улады і выступілі ў адказ з пагрозамі выслаць амбасадараў, перакрыць выезд за мяжу апазіцыі. Але небяспека для рэжыму ідзе не ад самога факту эканамічных праблем, крызісу, а найперш ад ступені супраціву грамадства. Гэтага пакуль няма. Людзі маўчаць, гатовыя суткамі стаяць у чэргах па валюту, але не пратэставаць. Пакуль так, то і санкцыі нічога не мяняюць», — рэзюмуе эксперт.
Негатоўнасць да рашучых крокаў з боку еўрапейскіх палітыкаў Карбалевіч тлумачыць адсутнасцю адзінства па беларускаму пытанню. «Вось Літва вуснамі прэзідэнта Далі Грыбаўскайтэ заявіла, што супраць прыняцця эканамічных санкцый. Але калі будуць жорсткія прысуды, пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, то і Еўропа саспее да радыкальных рашэнняў», — прагназуе палітолаг развіццё сітуацыі. Хаця ці можа быць яшчэ горш у цэнтры Еўропы з правамі і прысудамі?