Джок Стэрджэс засмучаны скандалам вакол сваёй фотавыставы ў Маскве
Амерыканскі фатограф Джок Стэрджэс пракаментаваў закрыццё сваёй выставы «Без сарамлівасці» ў Маскве нібыта з прычыны парнаграфічнага зместу здымкаў.
Па словах Стэрджэса, якія прыводзіць тэлеканал РЕН-ТВ, гэтыя фота былі апублікаваныя ва ўсім свеце. І галерэі і музеі не ўбачылі ў іх парнаграфіі. «Там проста яе няма», — сказаў Стэрджэс і дадаў, што ўсе прадстаўленыя фатаздымкі зробленыя на працягу 40 гадоў з дазволу мадэляў альбо іх бацькоў. На здымках адлюстраваныя яго сябры і суседзі, адзначыў Стэрджэс.
Выстава «Без сарамлівасці» адкрылася ў Расіі 8 верасня. У нядзелю, 25 верасня, выстава ў Цэнтры фатаграфіі імя братоў Люм’ер у Маскве была заблакаваная людзьмі ў напаўвайсковай форме з руху «Афіцэры Расіі». Адзін з іх, пракраўшыся ў залю пад выглядам журналіста, абліў мачой з бутэлькі сцяну з фатаздымкамі.
Арганізатары прынялі рашэнне закрыць выставу, каб не абвастраць негатыўнае стаўленне часткі публікі да самога Цэнтру фатаграфіі.
Раней неадкладна закрыць выставу запатрабавала сябра Савету Федэрацыі Алена Мізуліна, якая назвала фатаздымкі Стэрджэса «прапагандай педафіліі». Упаўнаважаная ў пытаннях правоў дзіцяці ў Расіі Ганна Кузняцова звярнулася ў пракуратуру. Закрыць выставу таксама запатрабавалі сябры Грамадскай палаты.