Дзяржінспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету запусціла дадатак для паведамленняў аб браканьерах
Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь запусціла дадатак для паведамленняў аб парушэннях, паведамілі ў ведамстве.
«Дадатак дазволіць паведамляць аб парушэннях прыродаахоўнага заканадаўства ў рэжыме онлайн. Любы, хто ўсталюе дадатак на сваім мабільным, зможа зафіксаваць тое, што адбываецца парушэнне — лоўлю рыбы ці паляванне забароненымі прыладамі, у забаронены час і да таго падобнае. Пры наяўнасці інтэрнэту можна будзе адправіць фота з апісаннем у дзяжурную службу Дзяржінспекцыі», — праінфармавалі ў ведамстве.
Перавага паведамлення з фота ў тым, што разам з ім дзяжурная служба аўтаматычна атрымае і каардынаты кропкі, дзе быў зроблены здымак. Гэта дазволіць «ацаніць сітуацыю і ў выпадку неабходнасці аператыўна адправіць групу ў паказанае месца». Мяркуецца, што пасля дапрацоўкі дадаткаў паведамленні будуць паступаць не толькі дзяжурнаму, але і на смартфоны супрацоўнікаў бліжэйшай міжраённай інспекцыі.
Пакуль дадатак распрацаваны для аперацыйнай сістэмы Android, плануецца таксама распрацоўка для iOS. Усім карыстальнікам гарантуюць канфідэнцыяльнасць.
Паводле tut.by