«Адкуль нам узяць грошы на двайную аплату?» Дольшчыкі «Тамбаза» выйшлі на пікет да Мінгарвыканкама (фота)

У суботу, 15 лютага, дольшчыкі «Тамбаза» зноў выйшлі з пікетам да Мінгарвыканкама. 

img_43b901684abf5fdbef677db9737409f1_v_logo.jpg

15 лютага на прыступках Мінгарвыканкама сабраліся людзі, што ўдзельнічалі ў долевым будаўніцтве кватэр ЖК «Аркадзія». Гэта ўжо шостая акцыя грамадзян, якія дабіваюцца ад уладаў, каб іх правы былі абароненыя, а сітуацыя з жытлом вырашаная. Па словах узельнікаў, пасля двух гадоў перапіскі з дзяржорганамі, якая не прывяла ні да якіх зменаў, людзі сталі ладзіць пікеты.

img_77485c294b4cbb4519ddde562c980ef5_v_logo.jpg


У снежні 2018 года Мінгарвыканкам падпісаў рашэнне выключыць зямельны ўчастак з недабудаванымі аб'ектамі ЖК «Аркадзія» ў фірмы «Тамбаз». Аб'ект перадалі УКБ Савецкага раёна. Генеральным падрадчыкам прызначылі ААТ «Будтрэст № 4». 

img_2e273d9edeb5f822f2dd975ef242ccb8_v_logo.jpg


Аб гэтай сітуацыі Новы Час ужо пісаў. Большасць дольшчыкаў поўнасцю аплацілі кватэры па аблігацыях, аднак засталіся ні з чым. Экс-кіраўнік «Тамбаза» Леў Хаюцін напрыканцы мінулага года асуджаны на шэсць гадоў зняволення.

img_f3d48911bb7c58fe1898171db3b365a2_v_logo.jpg


Галоўнае патрабаванне пікетоўшчыкаў — прадаставіць празрыстыя разлікі новых коштаў жытла і абгрунтаванне, чаму яны выраслі ў шмат разоў. Людзі кажуць, што не збіраюцца спыняцца ў сваім змаганні, бо ў іх папросту няма выйсця. Цяпер каля Мінгарвыканкама прысутнічае больш за 80 чалавек. Прадстаўнікі міліцыі сочаць за пікетам, але не прадпрымаюць пакуль ніякіх дзеянняў у дачыненні да людзей.


Фота Наталлі Валакіда