Чаму аб’яднанне дэмакратычных памкненняў беларусаў і расіян немагчыма? Разважае Сяргей Дубавец

Якія прынцыпы ёсць у беларусаў як у нацыі? Як рэжым знішчае нашу самасвядомасць? Чаму ў беларускіх і расійскіх дэмакратаў розныя шляхі да перамогі? Разважае пісьменнік і журналіст Сяргей Дубавец для «Радыё Свабода».

_cihi_supraciu___horad___bczb__fota_novy_czas___1__logo.jpg

«Кожнаму сваё»

На вочы трапіў страшнаваты білборд у ваколіцах Менску «Любишь донатить — люби отвечать». Побач указаны крымінальны артыкул і турэмны тэрмін: ад трох да васьмі гадоў. Сутнасьць у тым, што калі ты камусьці, напрыклад палітвязьню, дапамог грашыма ці прадуктамі, цябе пасадзяць у турму і прымусяць сплаціць вялікі штраф. Іншымі словамі, маеш добрае сэрца — значыць, злачынец.

Пры чым тут беларуская нацыя? Пры тым, што нацыя — гэта супольнасьць сваіх людзей на сваёй зямлі, зьвязаных агульным лёсам, спрыяньнем у агульным суіснаваньні (калі, скажам, розныя погляды на жыцьцё) і агульнай мовай. Новы білборд на менскай кальцавой цалкам выключае гэтыя агульнасьці. Яго базавы прынцып — «Кожнаму сваё» («Jedem das Seine», як было напісана фашыстамі на браме Бухэнвальду).

Глядзіце таксама

Цяперашні рэжым, які ўсталёўвае такія білборды і пасьлядоўна выконвае іхны пастулят з асаблівым цынізмам, ня мае прыкметаў беларускай нацыі — ні вонкавых, ні сутнасных. Магчыма, нехта з «государевых людей» і ведае зь дзяцінства на памяць «Новую зямлю», але старанна хавае гэта. Бо адчувае, што такое веданьне ў рэжымным асяродзьдзі раўназначнае данату.

Хоць пагрозу рэжыму ў бок беларускай нацыі аформілі ў юрыдычным стылі, яна палягае ня ў сфэры права, а ў сфэры маралі, дакладней амаральнасьці. Будзь амаральным! Зрабі з усяго сьвету ворагаў! Назаві цывілізацыю барбарствам. Салідарнасьць — гэта цяжкі грэх. Учыняй дэманстратыўныя пагромы ў кватэрах інтэлігенцыі, як гэта робіць ГУБАЗіК, раздавай турэмныя тэрміны за падабайкі, нявеч і забівай налева-направа абсалютна бяскрыўдных людзей, беларусаў. Кляймі ўсё, што здаецца табе «экстрэмізмам», гэтым страшным, але абсалютна бессэнсоўным словам, значэньня якога ня ведае нават «закон» (затое ведае пакараньне).

Гэта ўжо нават ня орўэлаўскія «вайна — гэта мір, свабода — гэта рабства, няведаньне — сіла». У «год якасьці» адбываецца «якасны» зрух ад разбурэньня сфэры права да разбурэньня сфэры маралі, міжчалавечых дачыненьняў. Як там у Гітлера? «Я вызвалю вас ад хімэры маралі». І дружна ў падтрымку гэтага «вызваленьня» на падхопе РПЦ, якая пры тым па-ранейшаму выступае нібыта ахоўніцай маралі.

Глядзіце таксама

Пра тое, што юрыспрудэнцыя канчаткова страціла сэнс, сьведчаць завочныя суды. Цяпер для вынясеньня прысуду абсалютна ня важная наяўнасьць пацярпелага або канкрэтнае крыўды, няважная і сама асоба «злачынцы» і нават тое, жывы ён ці мёртвы. Важнае задавальненьне саміх сябе, як сказаў бы Вацлаў Ластоўскі, праз асалоду гвалтаўнікоў ад самагвалту.

Выбухі чалавечнасьці

Беларуская нацыя — супольнасьць сваіх людзей на сваёй зямлі — была канчаткова выціснутая ў турмы, ва ўнутраную і вонкавую эміграцыю. У такія часы людзі самі, безь ніякае ўлады, а толькі праз уласьцівую ім прыродную і нацыянальную этычнасьць, мабілізуюць свае чалавечыя якасьці.

Тое, што мы бачым на ўласныя вочы — сапраўдны, яшчэ не ацэнены фэномэн беларускага нацыянальнага ўздыму ў эміграцыі. Выбух салідарнасьці, узаемадапамогі і гэтых самых данатаў. У мэдыйнай прасторы — выбух асьветніцкіх, абсалютна крэатыўных і сучасных праектаў: пра нас як нацыю, пра нашых герояў, пра наш гістарычны лёс. Выбух імпрэзаў, дзе зьбіраюцца свае, каб адчуць гэтую свойскасьць і людзкасьць.

Глядзіце таксама

Натуральна, усе розныя, але ўсе — людзі і прагнуць у супольнасьці захавацца як нацыя, што на радзіме зрабіць сёньня надзвычай цяжка. Таму такая важная сувязь. Бо ўсе разумеюць, што выжыць у гэтыя часы мы можам толькі як нацыя, як розныя людзі ў суіснаваньні. Па-за нацыяй мы асуджаныя на вынішчэньне адны адных («Любишь донатить — люби отвечать»).

Адбыўся радыкальны раскол рэжыму, які сілай утрымлівае ўладу ў Беларусі, і беларускай нацыі, да якой рэжым ня мае ніякага дачыненьня, як ня мае дачыненьня і да Беларусі як такой — да нашых дзядоў, якія марылі пра зусім іншае жыцьцё, да нашай прыроды, да нашых паэтаў, да мілых нам мясьцінаў дзяцінства. А паводле якой рысы ці хоць бы рыскі называюцца беларусамі яны, шрубкі сыстэмы? Пагатоў і расіянаў сярод іх хапае. Як адрозьніць?

Чаму не злучаюцца дэмакратычныя памкненьні

Часам можна сустрэць памылковае, на маю думку, меркаваньне, што расейскія дэмакратычныя памкненьні трэба аб’яднаць зь беларускімі, бо мы апынуліся ў аднолькавай сытуацыі. І ўвогуле, «дзе наша расейская Ціханоўская?». Рэч у тым, што расейскія і беларускія дэмакратычныя памкненьні — гэта насамрэч розныя матэрыі, як птушка і вецер, у якім птушка ляціць.

Беларусы аб’яднаныя ў нацыю. А нацыянальных лідэраў нараджае нацыянальны рух, які не разбуральны паводле сваіх мэтаў, а вызвольны і стваральны.

Розныя суб’екты, розныя задачы. Мы ня можам разваліць імпэрыю і мусім разьлічваць найперш на сябе, на станаўленьне нашае моцы. І вы ня можаце разваліць імпэрыю, але што рабіць, вы ня ведаеце, бо ня маеце нацыі. Няма з чым параўнаць тыя выбухі чалавечнасьці і культурніцкія выбухі ў беларускай супольнасьці і мэдыя. Няма з чаго ўзяцца расейскаму нацыянальнаму лідэру як такому.

Зьліцьцё інтарэсаў немагчымае аб’ектыўна

Нацыя, нацыянальныя інтарэсы (менавіта нацыянальныя, а не лукашэнкаўскія ці якія іншыя), нацыянальная мова (тое, на чым толькі і можа выстаяць Беларусь) — усё гэта не паралеліцца для расейцаў зь візіяй сваёй уласнай будучыні, успрымаецца хутчэй як нешта маргінальнае. Хоць мноства расейскіх дэмакратаў ратуюцца ў невялікай нацыянальнай краіне Літве, многія зь іх усё адно ўспрымаюць нацыянальнае як чужы, не ўласьцівы сабе шлях.

Ну як гэта — расейцам стаць нацыяй? Нармальнай, роўнай зь іншымі краінай? Нязвыкла. А тут і высьвятляецца, што ня могуць яны стаць нацыяй, а могуць — многімі нацыямі, прычым вельмі рознымі, неславянскімі, цяпер расейскай імпэрыяй прыдушанымі.

Таму для Беларусі адзіны шлях — дыстанцыявацца ад імпэрыі, захаваць сваю незалежнасьць і культуру. Незалежнасьць — адзіная гарантыя ад «Любишь донатить — люби отвечать». І тут сытуацыя не супадае з памкненьнямі расейскіх дэмакратаў.

Глядзіце таксама

Варта дадаць і даўнюю гістарычную традыцыю, калі стагодзьдзямі ў барацьбе за незалежнасьць беларусы заўсёды ядналіся зь літоўцамі і палякамі і ніколі не ядналіся з расейцамі, бо ўласна ад Расеі і здабывалася тая свая незалежнасьць.

Урэшце, незалежнасьць (сапраўдная) для беларусаў — адзіная мэта. У расейцаў яна рассыпаецца на дзясяткі нацыянальных незалежнасьцяў. Толькі не відаць такой тэндэнцыі ў Расеі, не відаць такога памкненьня. І ня робяцца такія рэчы за год-два, калі прыдушвалі народы вякамі. І ўказам такога ня зробіш, як ня вырасьціш дрэва начальніцкім загадам. Нацыя тым і каштоўная, што толькі на ёй можа выгадавацца чалавечнасьць. І адзіны шлях гэтага вырошчваньня — асьвета. Іншага не прыдумана.