Цяпер 287: Праваабаронцы прызналі палітвязнямі Юлію Бодак і Ігара Банцэра
Колькасць прызнаных праваабарончымі арганізацыямі палітвязняў павялічылася ў панядзелак, 15 сакавіка, на 2.
Праваабаронцы выступілі з супольнай заявай з патрабаваннем вызвалення Юліі Бодак і Ігара Банцэра. Пад заявай падпісаліся: праваабарончы цэнтр «Вясна»; Беларускі дакументацыйны цэнтр; Беларускі ПЭН-цэнтр; Беларуская асацыяцыя журналістаў; Простае таварыства «Ініцыятыва FORB»; РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт»; РГА «Прававая ініцыятыва».
«У сувязі з прад'яўленнем абвінавачанняў і абраннем меры стрымання ў выглядзе хатняга арышту жыхарцы Брэста Юліі Бодак (абвінавачаная па ч.2 арт. 339 КК) і ўзяццем пад варту жыхара Гродна Ігара Банцэра (абвінавачаны па ч.1 арт. 339 КК) мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, адзначаем наступнае:
Юлія Бодак пастановай следчага Брэсцкага міжраённага аддзела СК ад 17.02. 2021 г. была прызнаная абвінавачанай у здзяйсненні злачынства, прадуглежанага ч.2 арт. 339 КК ("Хуліганства"). У дачыненні да яе абраная мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту.
Згодна з прад’яўленым Юліі Бодак абвінавачаннем, яна, разам з іншымі грамадзянамі, 23.10.2020 г. вырабіла пудзіла, “прадстаўляючы яго перад грамадскасцю як прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, далучыўшы да яго два аркушы паперы, на якіх неўстаноўленая асоба ўчыніла надпіс “Скраў галасы” і “Асудзіў невінаватых”, вывесіла пудзіла на дрэве на ўчастку мясцовасці па Варшаўскай шашы, тым самым выставіўшы пудзіла на агляд невызначанаму колу асоб”. Такім чынам, па меркаванні следства, Юлія Бодак здзейсніла злачынства, прадугледжанага ч.2 арт. 339 КК ("Хуліганства") — наўмысныя дзеянні, здзейсненыя групай асоб, якія груба парушаюць грамадскі парадак, выражаюць яўную непавагу да грамадства і вызначаюцца выключным цынізмам.
Сутнасць дзеянняў — змест надпісаў, а таксама выгляд пудзіла, па нашым меркаванні, сведчаць аб іх пратэстным змесце. Відавочна, што мэтай дадзенага учынка было выказванне свайго пратэсту і нязгоды з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў і склаўшпйся сітуацыяй у краіне ў поствыбарчы перыяд.
Такім чынам, гэтыя дзеянні нельга кваліфікаваць як хуліганства.
Змест надпісаў у кантэксце грамадска-палітычных падзей і публічных грамадскіх дыскусій, палітычных пратэстаў, якія адбываюцца ў краіне на працягу апошніх месяцаў, сведчаць аб тым, што матывамі іх нанясення і вывешвання пудзіла ў грамадскім месцы было выказванне меркавання на дадзеныя грамадска значныя тэмы.
Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі абвінавачаннямі.
У адпаведнасці з арт. 19 пакта кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць усялякага рода інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз сродкі друку ці мастацкія формы выяўлення, ці іншымі сродкамі на свой выбар. Карыстанне гэтым правам можа накладаць асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.
Абвінавачаная не пасягала на сакральныя ці гісторыка-культурныя каштоўнасці. Самі надпісы не ўтрымліваюць нецэнзурнай лексікі альбо мовы варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах.
Таксама нам стала вядома, што 20 кастрычніка 2020 г. у Гродна за правядзенне перформансу ў выглядзе танца без штаноў перад машынай міліцыі быў затрыманы і ўзяты пад варту вядомы рок-музыка і грамадскі актывіст Ігар Банцар.
Гэтыя дзеянні Ігара Банцара былі кваліфікаваныя органамі следства як здзяйсненне хуліганства — ч.1 арт. 339 КК. Пры гэтым, як вынікае з паказанняў самога абвінавачанага, сапраўднымі матывамі і мэтамі гэтага ўчынку было выказванне пратэсту ў форму перформанса, які суправаджаўся частковым публічным агаленнем (танцам у стрынгах на целе) перад машынай з супрацоўнкамі міліцыі.
Трэба адзначыць, што такая форма пратэсту, як публічнае поўнае ці частковае агаленне цела, з’яўляецца адной з распаўсюджаных форм пратэсту і выказвання свайго меркавання. Нягледзячы на дзёрзкі характар такога кшталту акцыі, яна носіць мірны характар і з улікам абставін, адрасата, месца і часу здзяйснення дзеянняў не пераследуе гнюсныя матывы, не мае на мэце пасягальніцтва на ахоўваемыя свабоды іншых грамадзян.
На нашу думку, гэтыя акалічнасці мусілі быць улічаныя органамі следтства пры прававой кваліфікацыі дзеянняў Ігара Банцэра.
Мы яшчэ раз нагадваем, што абмежаванні свабоды выказвання свайго меркавання падлягаюць абмежаванням у строга вызначаных выпадках, але гэтыя абмежаванні павінны насіць прапарцыйны характар.
Кваліфіікацыя дзеянняў Ігара Банцара як крымінальнага злачынства («Хуліганства») і яго ўтрыманне пад вартай на працягу некалькіх месяцаў з’яўляецца абсалютна непрапарцыйнай мерай, што сведчыць пра палітычны матыў пераследу Ігара Банцэра з боку беларускіх улад.
У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі Юліі Бодак і Ігара Банцэра палітычна матываваным, а саміх Юлію Бодак і Ігара Банцэра палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.
У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:
неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Юліі Бодак і Ігара Банцэра, спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
Неадкладнага вызваленн ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне».