Ці паўстане помны крыж ахвярам сталінскіх рэпрэсій у Светлагорску?
Светлагорскія актывісты будуць дамагацца выканання рашэння мясцовых уладаў пра ўсталяванне помнага крыжа ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў. Гэтае рашэнне было ўхваленае яшчэ ў 1992 годзе.
www.racyja.com
Але крыж прастаяў на ўхваленым месцы каля старасвецкіх могілак нядоўга, пасля чаго ўвогуле знік.
Паводле жыхара Светлагорска Юрыя Ляшэнкі, актывісты знайшлі ў прыватных архівах дакумент з рашэннем райвыканкама пра ўсталяванне крыжа.
— Быў рэпрэсаваны амаль кожны трэці чалавек. Для многіх сем’яў гэта стала вялікай ранай. Таму трэба пра гэта прыгадваць, праводзіць мерапрыемствы, аднаўляць памяць, каб гэта не паўтарылася ў будучыні.
З-за закрытых архіваў дагэтуль немагчыма вызначыць дакладную колькасць рэпрэсаваных у савецкія часы жыхароў Беларусі. Даследаванні гісторыкаў паказваюць, што агульная лічба пацярпелых ад карных органаў грамадзянаў можа дасягаць паўтара мільёна, з іх каля трохсот тысяч чалавек было расстраляна.