Чарговы маніторынг

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў 23 лістапада прэзентавала другі бюлетэнь маніторынгу “Асвятленне прэзідэнцкіх выбараў 2010 года ў беларускіх СМІ. Выснова, да якой прыйшла служба маніторынгу БАЖ, — практычна нічога ў параўнанні з мінулымі выбарамі ў сэнсе працы сродкаў масавай інфармацыі, асабліва дзяржаўных, не змянілася.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў 23 лістапада прэзентавала другі бюлетэнь маніторынгу “Асвятленне прэзідэнцкіх выбараў 2010 года ў беларускіх СМІ. Выснова, да якой прыйшла служба маніторынгу БАЖ, — практычна нічога ў параўнанні з мінулымі выбарамі ў сэнсе працы сродкаў масавай інфармацыі, асабліва дзяржаўных, не змянілася.
Кіраўнік групы маніторынгу БАЖ Алесь Анціпенка прывёў яскравы прыклад: 19 лістапада на пачатку праграмы “Панарама БТ першай навіной была не рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, а правядзенне ў нашай краіне конкурсу дзіцячага Еўрабачання. “Тэме дзіцячага Еўрабачання на дзяржаўных тэлеканалах была прысвечана 1 гадзіна 12 хвілін эфірнага часу, а тэме прэзідэнцкіх выбараў — усяго 12 хвілін, гэта значыць, у тры разы менш, — адзначыў медыяэксперт.
“Дзяржаўныя СМІ працягвалі ігнараваць іншых патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта, а мінімальная ўвага да іх была выклікана працэдурай рэгістрацыі ў заключны перыяд маніторынгу, — падкрэсліў Алесь Анціпенка. — Гэткім чынам, пазітыўнае пазіцыянаванне дзеючага прэзідэнта, ягонае выразна дамінантнае становішча ў дзяржаўных СМІ з’яўляецца часткай агульнай стратэгіі асвятлення выбарчага працэсу, а яе адваротны бок — маргіналізацыя ўсіх астатніх прэтэндэнтаў, асобы і прозвішчы якіх засталіся невядомымі для спажыўцоў дзяржаўных медыя.
У справаздачы адзначаецца, што, як і ў папярэдні перыяд, тыя ж медыя “праграмавалі вынікі галасавання праз шматлікія спасылкі на вынікі сацыялагічных апытанняў, часам без указання канкрэтных інстытуцый, што гэтыя апытанні праводзілі, і асвятлялі выбарчы працэс, выразна ігнаруючы прынцыпы журналісцкай этыкі і міжнародна прызнаныя стандарты.
Таксама можна казаць і пра маргіналізацыю і дыскрэдытацыю апазіцыйных прэтэндэнтаў у дзяржаўных медыя. Алесь Анціпенка нагадаў пра разважанні тэлевядоўцы Юрыя Пракопава ў праграме БТ “У цэнтры ўвагі ад 14 лістапада 2010 года: “Упершыню рэальныя шансы стаць кандыдатамі маюць адразу дзесяць чалавек. Хаця і паводле дадзеных сацыёлагаў, і на думку экспертаў, і нават па прыкідах саміх прэтэндэнтаў, у дзевяці з дзесяці кандыдатаў шансы заваяваць давер выбаршчыкаў практычна роўныя нулю. Рэйтынг усіх супернікаў Лукашэнкі не перавышае аднаго працэнта.
Увогуле ж, па словах Алеся Анціпенкі, у дзяржаўных электронных і друкаваных СМІ тэма прэзідэнцкіх выбараў заставалася маргінальнай, нягледзячы на тое, што некаторыя медыя павялічылі да яе сваю ўвагу.