Бывай, Артыст...

Спынілася сэрца выдатнага актора, яркага чалавека Сяргея Жураўля. Яму быў усяго толькі 61 год. Калі б не гэтая найвышэйшая несправядлівасць, ён мог бы яшчэ выканаць дзясяткі роляў, якія б радавалі гледачоў і ратавалі ўжо вельмі моцна хворы беларускі тэатр.



2025c7b0_9786_4cd7_aff5_b906be2fc376_w640_r1_s_cx0_cy11_cw0.jpg

Смерць няўмольна штогод косіць аднаго за адным лепшых творцаў, і застаецца ўсё меней тых, хто сапраўды беларускую сцэну мог бы вылекаваць.

Але зараз не пра тэатр, а пра актора, чалавека, з якім я падзяліў сваю тэатральную маладосць, за што я яму, хоць наша сяброўства пазней і аслабела, буду да канца ўжо маіх дзён удзячны.

Мы сустрэліся з Сяргеем Жураўлём ля калонаў Тэатру юнага гледача пры канцы 1974 года. Яго, студэнта Тэатральна-мастацкага інстытуту, і мяне, студэнта БДУ, тагачасны галоўны рэжысёр ТЮГу Рыгор Баравік запрасіў на цэнтральныя ролі ў спектаклі «Маладая гвардыя». Пазнаёміліся, імгненна адчулі ўзаемную сімпатыю, і крыху баязліва (ідзем жа ў прафесійны тэатр) разам упершыню пераступілі яго парог у якасці актораў. Затым былі шчаслівыя месяцы працы ў абноўленай моладдзю трупе ТЮГу з маскоўскім рэжысёрам Паўлам Хомскім. Былі і не меней радасныя некалькі гадоў дружбы. Жыццё злівалася з тэатрам, які мы шалёна любілі, тэатр зліваўся з жыццём. Мы радаваліся кожнай рэпетыцыі, кожнай прэм’еры, кожнаму выхаду на сцэну, гастролям. Напоўніцу ўдзельнічалі ў тэатральных банкетах і вечарынках, разам заляцаліся да маладых акторак-сябровак, разам адпачывалі ў Карэліі, маглі ноч напралёт спяваць пад гітару. Сябры Сяргея сталі маімі, мае — ягонымі. Радасна мы адсвяткавалі ягонае вяселле, на якім я быў сведкам, і моцна перажывалі ягоныя першыя жыццёвыя страты.

«Маладая гвардыя» мела фантастычны поспех. У юнага актора Жураўля з'явіліся дзясяткі, сотні прыхільнікаў, якія па некалькі разоў ішлі адмыслова паглядзець на яго ў ролі Цюленіна. Абаяльны, эмацыйны, пластычны, спеўны — які гэта быў выразны і яркі Цюленін! Крытыкі, калегі загаварылі пра нараджэнне новай тэатральнай зоркі. І не памыліліся. Кожная новая роля маладога артыста захапляла. Богам дадзеная арганічнасць, перададзенае выдатнымі выкладчыкамі на чале з кіраўніком курсу Аляксандрам Бутаковым акторскае майстэрства і сур’ёзнае стаўленне да прафесіі, адкрытасць, шчырасць, інтэлігентнасць, выхаваныя бацькамі. Усё гэта разам зрабіла зь Сяргея Жураўля Артыста, менавіта з вялікай літары.

Ён мог сыграць усё, і ўсё сыграў. І хлопчыкаў у падлеткавым рэпертуары ТЮГу, і найскладанейшыя ролі ўсясветнага рэпертуару — Трэплева, Тарцюфа, Скапэна, і герояў рэальных біяграфіяў (не забыць ягонага Сальвадора Далі), і казачных персанажаў (спектакль «Бэмбі» з Сяргеем Жураўлём у загалоўнай ролі і ў экстравагантнай рэжысуры Юрыя Міроненкі з філясофска-публіцыстычным пасылам стаў вялікай падзеяй у тэатральным жыцці). Наймацнейшая плашчына ў ягонай творчасці звязаная спачатку з антрэпрызнымі спектаклямі Мікалая Пінігіна, а пасля і з сумеснай іх працай на Купалаўскай сцэне. Гэта той шчаслівы выпадак, калі рэжысёр і актор знаходзяць адзін аднаго і ў даверы і любові ствараюць мастацтва. Сяргею Жураўлю можна было і трэба было верыць, і ён верыў таленту.

Асмелюся сцвярджаць, што ў творчай біяграфіі Артыста не было ніводнага правалу. Былі правальныя з гледзішча рэжысуры спектаклі, але ролі Жураўля ў іх усё роўна былі філігранна сыграныя, героі заставаліся жывымі і разумнымі. Нават здавалася, што яму і працаваць над ролямі не трэба, такі глыбокі быў талент, абаяльнасць, арганічнасць.

Маё ўнутранае адчуванне сёння — адчуванне развітаньня з тэатральнай маладосцю і сталасцю, з выбітнай творчай асобай майго пакалення. Пакуль жывуць людзі, якія рабілі цікавы тэатр, здаецца, што жыве і той тэатр. Калі нас пакідаюць акторы, паступова і мы аддаляемся ад іхных роляў, яны размываюцца ў памяці і знікаюць з яе, застаючыся толькі старонкай у гісторыі тэатру. Жыў Сяргей Журавель, і нібыта заставаліся жыць ягоныя героі — у ягонай пластыцы, у ягоных эмоцыях. Цяпер іх успрымаеш як яркую ўспышку на сонцы, як імгненне.

Хутка, імкліва, аж да немагчымасці асэнсаваць гэта, праляцела жыццё Сяргея Жураўля. Ён застаецца на фатаздымках пераважна з абаяльнай усмешкай, спакойны, шчаслівы. І гэта пры тым, што за сваё жыццё перажыў шмат і драмаў, і трагедыяў. Яны заставаліся па-за сцэнай і экранам, яны не былі бачныя і вядомыя гледачам, ненастойліва хіба што ён далучаў да іх самых блізкіх.

Бывай, Сяргей... Спакойна спачывай у свеце лепшым... Дзякуй і даруй!

Вячаслаў Ракіцкі, www.svaboda.org