Больш за 130 прысудаў за салідарнасць. Хронікі рэпрэсій 22 траўня

Падтрымка перадачамі, грашовы перавод у СІЗА, данат у ініцыятывы — усё гэта можа стаць падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы ў Беларусі. Цяпер дзясяткі чалавек знаходзяцца за кратамі за «фінансаванне экстрэмісцкай і/ці тэрарыстычнай дзейнасці», а таксама за «фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным канфлікце». Па даных «Вясны», за данаты асудзілі мінімум 135 чалавек. 

1_1097_1.png

Данаты розным фондам і ініцыятывам, якія дапамагаюць пацярпелым ад рэпрэсій і гвалту, сталі папулярным у 2020 годзе падчас пратэстаў. У 2021 годзе ўлады пачалі актыўна прызнаваць фонды «экстрэмісцкімі фармаваннямі», а некаторыя ініцыятывы «тэрарыстычнымі арганізацыямі».

З таго часу не менш за 135 чалавек, 85 з якіх утрымліваюцца цяпер у няволі, былі асуджаныя паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання), арт. 290-1 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці), арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні ці ўзброеным канфлікце). Абсалютнай большасці з асуджаных прызначылі пазбаўленне волі. Яшчэ чатыры чалавекі знаходзяцца пад вартай у чаканні суда. Паводле «Вясны», некалькі з асуджаных за данаты былі памілаваныя Лукашэнкам.

Акрамя гэтага, некалькі сотняў чалавек прайшлі праз допыты і ператрусы, пасля чаго супрацоўнікі КДБ многіх змушалі рабіць «добраахвотныя» пералічэнні ў некалькі разоў больш сум данатаў, на спецыяльныя рахункі, каб супраць іх не была ўзбуджаная крымінальная справа. Але такое ахвяраванне з'яўляецца непрацэсуальнай працэдурай і не з'яўляецца штрафам ці іншым відам пакарання. Таму такія пералічэнні не вызваляюць людзей ад крымінальнай адказнасці.

 У Чачэрску адбыўся паказушны «суд» за «знявагу» над «дзяржсімвалам»

У актавай залі тэхнікуму судзілі двух маладых хлопцаў, якія знялі з фасаду будынка чырвона-зялёны сцяг і размахвалі ім. Потым выкінулі яго ў двор прыватнага дома.

Абодвух асудзілі на 1 год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, паведамляе Флагшток са спасылкай на "раёнку".

Айцішніцу не выпусцілі з Беларусі. Яна рэгулярна прыязджала з Еўропы, але ў 2025 годзе знайшлося фота з пратэстаў

Гэтую гісторыю devby распавёў чытач.

Паводле яго слоў, каляжанка рэгулярна ездзіла да родных у Беларусь і паспяхова вярталася. Аднак сёлета на зваротным шляху яе развярнулі на мяжы з Польшчай: проста сказалі, што ёсць абмежаванне на выезд і прапанавалі па тлумачэнні звяртацца ў АГіМ.

«Яна так і зрабіла, і высветлілася, што абмежаванне накладзена па лініі сілавых органаў праз некалькі дзён пасля яе ўезду — усё таму, што выявілася фота з пратэстаў 2020 года, дзе яна ў натоўпе на праезнай частцы. Пры гэтым нішто, здаецца, не прадвяшчала: ніхто ёю не цікавіўся, не тэлефанаваў і не пісаў. У выніку дзяўчыну абвінавацілі па "народным артыкуле"».

Пасля некалькіх месяцаў следства яе асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі». Каб не абцяжарваць свой статус «дармаедствам», яна ўладкавалася на працу ў Беларусі.