У Светлагорску з установаў адукацыі звальняюць усіх, хто браў удзел у пратэстах. Хронікі рэпрэсій 21 траўня

Крыніца «Гомельскай Вясны» ў Светлагорску паведаміла, што ў школы, дзіцячыя садкі, цэнтры дзіцячай творчасці ды іншыя адукацыйныя ўстановы паступіла ўказанне звольніць з працы ўсіх супрацоўнікаў, якія з 2020 года прыцягваліся да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці паводле палітычных матываў.

1_1097_1.png

Як паведамляюць крыніцы, у Светлагорску мясцовыя чыноўнікі ад адукацыі патрабуюць выканання такога распараджэння нават ад кіраўнікоў прыватных установаў, якія надаюць адукацыйныя ці выхаваўчыя паслугі. І тычыцца гэта не толькі педагагічных кадраў, але і абслуговага персаналу.

Instagram-старонку пісьменніка Сашы Філіпенкі прызналі «экстрэмісцкай»

Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Савецкага раёну Мінска 19 траўня.

Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі старонка ў Instagram «niiazova3844» і сайт «byhub.оrg».

У Беларусі новыя «экстрэмісцкія фармаванні»

Гэта праекты «Дорога в ад», «Партызанская хваля», «Белорусская аналитическая мастерская». Усе яны былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» па рашэнні КДБ.

Паводле ведамства, дачыненне да «Дорога в ад» мае Генадзь Глушакоў, да «Белорусская аналитическая мастерская» — Андрэй Вардамацкі, Марына Новікава і Павел Усаў.

У Беларусі +8 новых палітвязняў

Гэта Андрэй Сітнікаў, Аляксандр Александроўскі, Яўген Белендык, Аляксандр Быкаў, Пётр Філіповіч, Сяргей Дзегцярэнка, Павел Бялюцін ды Васіль Грачыха.