"Успрымаю яго як беларускага героя". Вольга Быкоўская — пра Вітольда Ашурка
21 траўня 2025 года — чацвёртая гадавіна смерці палітвязня Вітольда Ашурка. Ён загінуў у зняволенні. Менавіта з гэтай сумнай нагоды Праваабарончы цэнтр «Вясна» вызначыў дату смерці Вітольда — 21 траўня — Днём палітвязняў Беларусі. Сёлета тэмай Дня стала салідарнасць. "Вясна" пагаварыла з сябрай Вітольда, журналісткай і грамадскай актывісткай Вольгай Быкоўскай.

Вітольд Ашурак. Фота Вольгі Быкоўскай
Вольга Быкоўская ўпэўнена, што тэма салідарнасці наўпрост звязана з Вітольдам — бо ён быў тым чалавекам, вакол якога гэтая салідарнасць гуртавалася.
"Да яго на момант пераезда ў калонію прыйшло ўжо каля 400 лістоў. Гэта даволі шмат, — успамінае сябра Вітольда. — Зараз, на жаль, зусім іншая сітуацыя. [Тады] у нас перапіска была з ім нармальная, да мяне толькі адзін ліст не дайшоў цалкам і адзін быў папсаваны трохі, і два маіх лісты згубіліся ў канцы... Таму на той момант гэта было ўвогуле нармальная сітуацыя, калі вельмі шмат людзей пісалі, і Вітольд сам прасіў праявіць салідарнасць да нейкага канкрэтнага чалавека, і гэтая салідарнасць праяўлялася — тады не было такога пераследу за гэтую салідарнасць. Я думаю, што ўлады палічылі гэтую салідарнасць вельмі небяспечнай, і цяперашні пераслед за яе гэта проста яскрава дэманструе.
Вітольд быў гатовы заўсёды праявіць салідарнасць з іншымі людзьмі і прымаў салідарнасць да сябе. Яму дасылалі кніжкі, нейкія добрыя пажаданні — некаторыя лісты я бачыла ўжо пасля таго, як вярталі рэчы сваякам, і некаторая перапіска была вельмі цёплай: Вітольд адказваў вельмі адкрыта і шчыра нават малазнаёмым людзям. Бо гэта ж ягоная фраза: "Ці могуць незнаёмыя людзі быць сябрамі? — Так, калі яны беларусы".
Глядзіце таксама

Легенда
Вольга Быкоўская прызнаецца, што пасля столькі часу са смерці Вітольда ягоная фігура з часам успамінаецца як больш цэльная, але з другога боку — з меншай колькасцю падрабязнасцяў. Бо так працуе чалавечая памяць.
"І чалавек становіцца легендай паступова. Мне падаецца, што гэта і кепска, і добра, але гэта звычайны працэс, так з'яўляюцца героі, таму што постфактум людзі памятаюць больш добрае, а Вітольд у прынцыпе такі чалавек, што там цяжка прыгадаць штосьці негатыўнае пра яго, — кажа журналістка. — Адразу, канешне, вельмі цяжка было ад гэтага ўсяго абстрагавацца … Але час мяняе, і акрамя таго, што Вітольд мой сябра, я цяпер яго ўспрымаю і як беларускага героя".
Глядзіце таксама

Памяць
"Мне хацелася, каб Вітольда памяталі як чалавека, які любіў Беларусь, які любіў сваіх сяброў, які быў гатовы аддаць сваё жыццё — і на жаль так атрымалася, што ён і аддаў сваё жыццё, — зазначае Вольга Быкоўская. — Яшчэ хачу звярнуць увагу: па падлікаў ён павінен быў зусім хутка вызваліцца. І гэта вельмі такая балючая дата, таму што Вітольд казаў, што ён хутка вызваліцца. І ён насамрэч хутка вызваліўся, але на жаль зусім не так, як мы хацелі б.
Вітольд быў, застаўся і застаецца свабодным чалавекам".