Дзяніс Івашын імаверна зноў у ШІЗА. Хронікі рэпрэсій 20 траўня

Вольга Івашына, жонка Дзяніса, мяркуе, што яго зноў змясцілі ў ШІЗА – пра гэта сведчыць адсутнасць лістоў ад палітзняволенага цягам апошніх двух тыдняў. «Калі лічыць тэрмін дадатковага катаваньня з моманту папярэдняга ліста Дзяніса, то сёньня патэнцыйна йдуць ужо 14 содні ШЫЗА. Нагадваю, падчас перабываньня там вязьню забаронена ліставаньне, прагулкі ў дворыку, з асабістых рэчаў у камэру можна ўзяць толькі зубную шчотку, пасту і рушнік», напісала яна.

1_1097_1.png

У Беларусі +5 новых палітвязняў

Гэта Анатоль Змітровіч, Цімафей Караткевіч, Вячаслаў Дземянчонак, Міхаіл Цімашэнка, Максім Солап.

Сацсеткі палітычнай эмігранткі і блогеркі Аляксандры Ханевіч прызналі «экстрэмісцкімі»

Гаворка пра старонкі жанчыны ў Instagram, Facebook і YouTube. Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Ленінскага раёну Гродна 16 траўня.

Таксама «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі TikTok-старонка «belarusnovosti1», сайт «honestby.оrg» і Telegram-канал «НОМАД», сайт ініцыятывы «Честные люди». 

Не менш за 206 палітвязняў у асаблівай рызыцы

Па стане на 20 траўня праваабаронцам вядома не менш чым пра 206 палітвязняў, якія знаходзіцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Сярод іх:

• 77 чалавек у цяжкім стане здароўя;

• 29 сталых людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх таксама мае вялікія праблемы са здароўем);

• 30 шматдзетных маці і бацькоў;

• 9 чалавек з інваліднасцю;

• 9 чалавек з ментальнымі разладамі;

• Вядома пра як мінімум 4 сям'і, дзе абое бацькоў знаходзяцца за кратамі.

Найстарэйшы з палітвязняў — 77-гадовы Міхаіл Ляпейка з Магілёву, які быў накіраваны на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным шпіталі за абразу Лукашэнкі.

Затрымалі 11 менеджараў буйной сеткі сэканд-хэндаў — двое з іх «датычныя да экстрэмісцкай дзейнасці»

У Гомельскай вобласці распачалі крымінальную справу супраць уладальнікаў сеткі магазінаў сэканд-хэндаў. Іх абвінавачваюць ва ўхіленні ад падаткаў, махлярстве і ўдзеле ў злачыннай групе. Вядома, што рознічная сетка гэтай кампаніі мае 97 крамаў у 12 гарадах.

Паведамляецца, што затрыманыя ўжо вярнулі 1,9 мільёна рублёў у якасці частковага пакрыцця шкоды. Сцвярджаецца, што двое падазраваных маюць «дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

9 траўня міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch апублікавала даклад, у якім упершыню прызнаецца, што беларускі бізнес з'яўляецца аб'ектам сістэмнага транснацыянальнага палітычнага пераследу з боку беларускіх уладаў. У дакладзе падкрэсліваецца, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць шырокі спектр рэпрэсіўных мер супраць прадпрымальнікаў, у тым ліку канфіскацыю маёмасці, пагрозы крымінальным пераследам і пераслед за мяжой.

Партрэты Караткевіча, Каліноўскага, Салжаніцына і замалёўкі турэмнага жыцця 

У віртуальную галерэю творчасці палітвязняў дадалі атмасферныя малюнкі былога палітвязня Аляксандра Плюцінскага. Мужчына маляваў іх падчас знаходжання ў СІЗА і ў калоніі, дзе адбываў палітычна матываваны прысуд у тры з паловай гады. 

На дадзены момант у галерэі сабраны малюнкі 66 творцаў. Частка з іх ужо выстаўлялася ў розных месцах — Лос-Анджэлесе, Варшаве, Гданьску, Рызе і іншых.