За пратэсты з 2020 года ў Беларусі асудзілі больш за 6000 чалавек. Хронікі рэпрэсій 19 траўня

Пра гэта на Пецярбургскім міжнародным юрыдычным форуме 19 траўня заявіў старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара, піша @reformby. «Следствам устаноўленыя і сабраныя доказы, якія дазволілі асудзіць больш за 6000 тысяч экстрэмістаў, якія выношвалі планы фізічнай ліквідацыі кіраўніцтва краіны, змены канстытуцыйнага ладу і прывядзення ва ўладу антынароднага марыянетачнага ўрада».

1_1097_1.png

Дзмітрый Гара сказаў, што «адным з інструментаў дасягнення злачыннай мэты выбрана тактыка цкавання і расправы ў адносінах да дзяржаўных служачых, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, ваеннаслужачых, іх сем'яў і блізкіх. Экстрэмісцкія тэлеграм-рэсурсы фармавалі расстрэльныя спісы прадстаўнікоў улады і сілавікоў».

Што яшчэ сказаў Гара

  • «Па крымінальных справах Следчага камітэта ўжо асуджана 77 асоб за здраду дзяржавы, атрыманне і перадачу інфармацыі пра месцазнаходжанне і перамяшчэнні вайскоўцаў, збор грашовых сродкаў на закупку ўзбраення, вярбоўку, арганізацыю схронаў боепрыпасаў і амуніцыі, падрыхтоўка да дыверсій і тэрарыстычных актаў на тэрыторыі як Беларусі, так і Расіі».
  • Шэсць прадстаўнікоў палка Каліноўскага знаходзяцца пад вартай, пяць кіраўнікоў завочна атрымалі ад 12 аб 20 гадоў пазбаўлення волі, 125 чалавек, нібыта датычных да палка, знаходзяцца ў вышуку.

У Беларусі +7 новых палітвязняў

Гэта Ала Пучынкая, Мікіта Лосік (брат Ігара Лосіка), Аляксей Кайдаш, Алег Лойка, Аляксандр Гардзеенка, Ганна Багінская, Вольга Аляксеева.

Instagram-старонку беларускага выдавецтва «Скарына» ў Лондане прызналі «экстрэмісцкай»

Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Маладзечанскага раёну 15 траўня.

Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі Instagram старонкі «orellesya», «dmitriysergievich», «miliuk26», «mara_freedom_belarus», «krupitski_sergei», «siarhejpantus», старонка ў «Х «National Anti-Crisis Management», а таксама TikTok-старонка «svetlogorsk_freedom Светлогорск».

Зняволеных ПК №3 пераводзяць у іншыя ўстановы

Праваабаронцам стала вядома, што вязняў віцебскай калоніі № 3 цягам апошняга месяца пачалі масава пераводзіць у іншыя калоніі.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у ПК № 3 знаходзяцца 75 палітвязняў.

Перавод вязняў адбываецца з-за рамонту на прамзоне. Як стала вядома @MAYDAYMog, на тэрыторыі прадпрыемстваў прамысловай зоны ПК-3 ужо ідзе рамонт. Большасць вязняў этапавалі ў шклоўскую ПК-17, магілёўскую ПК-15 і ПК-22 «Ваўчыныя норы».

Па палітычным артыкуле асудзілі кіраўніка буйной кансалтынгавай кампаніі

Нядаўна асуджанаму Сямёну Злобічу 41 год. Ён вучыўся ў БДУ. У яго ёсць жонка і непаўналетняе дзіця.

Сямён доўгі час працуе ў кансалтынгу. Ёе меў ІП у гэтай сферы, таксама працаваў у кансалтынгавай кампаніі EnterInvest. У 2016-м заснаваў уласную кансалтынгавую кампанію — ААТ «Стратэгія і капітал», а праз некалькі гадоў узначаліў беларускі філіял кампаніі Civitta, у якой таксама значыцца асацыяваным партнёрам.

У Civitta Злобіч займаўся падрыхтоўкай справаздач пра інавацыйныя экасістэмы Беларусі, стан беларускага фінтэху і тое, як працуюць беларускія стартапы. Таксама выступаў з лекцыямі, у якіх распавядаў, як бізнэс можа ўкараняць інавацыі ў свае працоўныя працэсы.

Мужчыну абвінавачвалі ў «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369-1 КК). У чым сутнасць справы, невядома. У спісе «экстрэмістаў» пазначана, што ён «адбывае пакаранне» — гэта значыць, што чалавеку прысудзілі калонію або «хімію», піша «Наша Ніва».