Бодзіпазітыў: як навучыцца прымаць сваё цела і целы іншых людзей такімі, якія яны ёсць.
«Больш цела. Як прыняць сябе?» — сустрэча пад такой назвай прайшла ў барысаўскім цэнтры моладзевых ініцыятыў «Ступени». Гендарная актывістка Маша Колб у межах праекта «Маё права» распавяла падлеткам пра бодзіпазітыў і пра тое, як навучыцца прымаць сваё цела і целы іншых людзей такімі, якія яны ёсць.
Вашай увазе — асноўныя тэзісы сустрэчы:
Бодзіпазітыў — фемінісцкі рух, які распачаўся больш за сто гадоў таму з пратэстаў суфражыстак супраць гарсэтаў.
Бодзіпазітыў не заклікае лайдачыць на канапе. Адна з яго галоўных ідэй — чалавек сам выбірае, як павіннае выглядаць яго цела. Калі яму камфортна, ніхто не мае права асуджаць яго выбар.
Бодзіпазітыў імкнецца да паважлівага ўспрыняцця любога выгляду, у тым ліку змененага з прычыны хваробы, траўмы альбо асабістага рашэння.
Ніхто не мае права дыктаваць, як павіннае выглядаць наша цела. Асабліва гэта тычыцца карпарацый фэшн-індустрыі, якія такім чынам зарабляюць грошы: нашмат зручней падагнаць усе целы пад адзін стандарт, чым адшываць адзенне на розныя памеры.
Прыняцце свайго цела складаецца з самапавагі, эмацыйнай стабільнасці і пазітыўнага стаўлення. Трэба шанаваць сябе, падтрымліваць здаровую сувязь паміж думкамі і пачуццямі. Радавацца целу, але не зацыклівацца на ім.
Чым больш крытыкуеш знешнасць іншых людзей, тым больш з’яўляецца прэтэнзій да сябе. Калі разумееш, што ўсе людзі могуць выглядаць як хочуць — пачынаеш спакойней ставіцца да сваёй знешнасці.
Жанчына нікому нічога не павінная. Яна не павінная сядзець на дыетах, хацець схуднець ці есці адны салацікі. Калі чалавек побач кантралюе, што і колькі ты ясі, гэта эмацыйны гвалт і трэба хутчэй заканчваць адносіны.
Калі ўвесь час кантраляваць ежу, можа пачацца разлад харчовых паводзінаў (РХП): нервовая анарэксія, нервовая булімія альбо кампульсіўнае пераяданне (прыступы абжорства). Усе гэтыя захворванні — псіхічныя, да іх могуць прывесці негатыўныя рэчы, якія адбываюцца ў нашым жыцці.
Гендарныя актывісткі праекта «Больш цела» распрацавалі буклет, які распавядае пра РХП. Ён змяшчае інфармацыю пра гэтыя хваробы, а таксама парады, што рабіць, калі побач чалавек з РХП, якая дапамога ёсць у Беларусі. Паглядзець альбо спампаваць, буклет можна тут.
Парады, як прыняць сябе:
Знайдзіце ў сабе якасці, вартыя павагі, і ніколі пра іх не забывайце. Можна выпісаць іх на аркуш і звяртацца да спіса ў цяжкія моманты.
Больш камунікуйце з добрымі, пазітыўнымі, прыязнымі людзьмі. Самі выбірайце сваё атачэнне — людзей, якія не абясцэньваюць ці папракаюць неадпаведнасцю пэўным стандартам, але паважаюць, падтрымліваюць і любяць.
Не разглядайце сябе па частках, але ўспрымайце цалкам, як цэласную асобу.
Вось колькі практыкаванняў, каб лепш зразумець сябе і свае адносіны з целам. Паспрабуйце тыдзень не карыстацца люстэркам. Так вы зможаце паглядзець на сябе з іншага боку, і, адпаведна, лепш зразумець. Ці, наадварот, калі вы застаяцеся адны дома, часцей спыняйцеся перад люстэркам, разглядайце сябе ў адзенні ці без яго: як вы адчуваеце сябе, свае цела, як яно знаходзіцца ў прасторы?
Апранайцеся так, каб вам было зручна, насіце адзенне вашых памераў.
Радуйце сябе. Знаходзьце час, каб зрабіць тое, што прыносіць вам задавальненне: з’есці торцік, паляжаць у ванне, пачытаць.
Стаўцеся крытычна да фота, якія размяшчаюцца ў СМІ і сацыяльных сетках. Збольшага яны апрацаваныя фаташопам, у рэальным жыцці так выглядаць амаль немагчыма.
Чытайце добрыя кнігі кшталту «Міф аб прыгажосці» Наомі Вульф, глядзіце актуальныя серыялы, прыкладам, «Дзяўчаты» Ліны Данэм. Увогуле, калі ведаеце англійскую — вам адкрыты доступ да сусветнай базы інфармацыі па бодзіпазітыве.
Маша Колб — выпускніца гендарнай канцэнтрацыі ECLAB. Разам з каляжанкай Лізаветай Мімікавай у ліпені 2019 года заснавала жаночую ініцыятыву «Больш цела!». З дапамогай праекта гендарныя актывісткі распавядаюць пра ідэі бодыпазітыву, сэксуальнасць, цялеснаць, разлад харчовых паводзінаў.
Паводле budzma.by