Блогер Юрась Навіцкі выйшаў на свабоду

Прыхільнік Руху “За Свабоду увесь тэрмін арышту 15 сутак трымаў галадоўку пратэсту. Шэсць дзён з пятнаццаці — галадаваў “на сухую. Юрася Навіцкага вызвалілі з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў 3 студзеня ў 23.45. Яго сустракалі жонка Таццяна Грачанікава, а таксама Алесь Макаеў, Ганна Шапуцька, Марына Адамовіч, сябры, прыхільнікі, блогеры-фрэнды.

Прыхільнік Руху “За Свабоду увесь тэрмін арышту 15 сутак трымаў галадоўку пратэсту. Шэсць дзён з пятнаццаці — галадаваў “на сухую.

Юрася Навіцкага вызвалілі з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў 3 студзеня ў 23.45. Яго сустракалі жонка Таццяна Грачанікава, а таксама Алесь Макаеў, Ганна Шапуцька, Марына Адамовіч, сябры, прыхільнікі, блогеры-фрэнды.

Юрась падчас арышту актыўна дамагаўся выканання адміністрацыяй афіцыйна зацверджаных правілаў распарадку Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў і абароны правоў утрыманцаў гэтай установы, прадугледжаных законам. Яго спрабавалі ізаляваць, пераводзілі з адной камеры ў іншую. Калі стан здароўя з прычыны галадоўкі пагаршаўся, мусілі выклікаць "хуткую дапамогу", адвозілі ў лякарню і ў той жа час дзівіліся яго стойкасці і непахіснасці.

Супрацоўнікі ЦІП падчас ператрусаў сканфіскавалі ў Юрася ўсе ягоныя запісы і эскізы малюнкаў, якія ён рабіў у камеры. Менавіта “акрэсцінсікя малюнкі, якія блогер размясціў у сеціве пасля адбыцця ранейшага арышту, выклікалі ў інтэрнэт-супольнасці заўважны рэзананс.

Нагадаем, суд Ленінскага раёна Мінска пакараў актывіста 15 суткамі арышту за нібыта лаянку ва ўпраўленні ўнутраных спраў (пазней у інтэрнэце з’явіўся аўдыёзапіс, што лаяліся насамрэч міліцыянты). Прыхільнік Руху адразу пасля вынясення прысуду на знак нязгоды з ім абвясціў галадоўку пратэсту. Адвакат спрабаваў абскардзіць прысуд у Мінгарсудзе, але гэта вынікаў не дало. Юрась Навіцкі мусіў адбываць несправядлівае пакаранне да канца.

Паводле сайта Руху "За Свабоду"