Беларусы п’юць больш за ўсіх у свеце
Аналітыкі з Нью-Ёрку падлічылі, у якіх краінах людзі разбураюць сябе найбольш зацята.
Супрацоўнікі найвялікшага у свеце прэс-агенцтва «Bloomberg» ацанілі колькасць літраў алкаголю, які выпіваюць за год у кожнай краіне, а таксама колькасць выпаленых цыгарэтаў, узровень спажывання амфетамінаў ды марыхуаны, спажыванне цяжкіх наркотыкаў, а таксама страты ад азартных гульняў у працэнтных суадносінах да ВУП краіны.
У спіс сусветнага дэкадансу ўвайшлі 57 краінаў: найбольш дэструктыўным народам аказаліся чэхі, найменш — жыхары Замбіі.
Паводле сёлетніх вынікаў Беларусь у рэйтынгу распаду заняла дзявяты радок.
У 2015 годзе беларусы выпілі алкаголю больш за ўсіх у свеце — каля 19 літраў на кожнага дарослага.
Жыхары нашай краіны выкурылі ў сярэднім больш 2200 цыгарэт на чалавека. З наркотыкамі і азартнымі гульнямі беларусы былі больш асцярожныя — гэтыя паказчыкі блізкія да сярэдняга па Еўропе ўзроўню.
Нашыя суседзі разбураюць сябе з рознай хуткасцю. Нас перагналі толькі расейцы: яны на 8 месцы. Украіна аказалася на 13-ым, Латвія — на 26-ым, Польшча — на 29-ым, Літва — на 34-ым.
Летась Сусветная арганізацыя здароўя паведамляла, што Беларусь — сусветны лідар па спажыванні алкаголю, аднак беларускае Міністэрства аховы здароўя зняпраўдзіла гэтую інфармацыю.