Беларускія мытнікі вярнулі плюшавага мядзведзіка аўстралійскаму журналісту
Мытня аэрапорта «Мінск-2» вярнула рэчы, якія забрала больш за год таму ў аўстралійскага тэлежурналіста Амаса Робертса.
Абсталяванне і плюшавага мядзведзіка забіраў па даверанасці ад аўстралійскага тэлеканала SBS іх беларускі калега Ілля Кузняцоў, які і паведаміў пра гэта прэс-службе ГА «БАЖ».
Цяпер ён поштай перанакіруе гэтыя рэчы ў Аўстралію.
Працоўны стан абсталявання журналіст не правяраў, бо ўсе акумулятары за гэты час разрадзіліся. Ці была выдалена нейкая інфармацыя з носьбітаў і ці знайшлі мытнікі што-кольвек, што апраўдвала б
вынятак, пакуль невядома.
Паводле складзенага мытнікамі пераліку рэчаў, кошт мядзведзіка яны ацанілі ўсяго ў 10 цэнтаў. Між тым, як сведчаць замежныя калегі, на чорным рынку «браты-блізняты» шведскага
мішкі каштуюць па некалькі соцень долараў.
Выглядае на тое, што цацачнага мядзведзіка даглядалі вельмі пільна – з нейкіх меркаванняў у яго знялі рукавічкі і аддалі іх асобна.
Амас Робертс – журналіст аўстралійскага тэлеканала SBS, працаваў тут у верасні 2012 г. на працягу тыдня паводле афіцыйнай акрэдытацыі пры беларускім МЗС. У прыватнасці, журналіст здымаў
у Беларусі сюжэт пра шведскі «плюшавы дэсант».
21 верасня Амас Робертс меў пакінуць нашу краіну, але быў спынены пры прахожданні мытнага кантролю ў аэрапорце «Мінск-2». Прадстаўнікі мытных службаў і невядомыя ў цывільным,
якія прысутнічалі пры гэтым, забралі ў яго ўсю наяўную апаратуру і носьбіты інфармацыі – аж да мабільнага тэлефона. (Як паведаміў ГА «БАЖ» сам журналіст, палова
апаратуры належала яму асабіста, а палова – тэлеканалу SBS.) Назваць сябе гэтыя людзі адмовіліся. Ён, у сваю чаргу, адмовіўся падпісваць акт вынятку апаратуры, і яму не выдалі на рукі ніякіх
дакументаў, якія б пацвярджалі, што нешта забралі. Пазней, калі ў аэрапорт пад'ехалі перакладчык і прадстаўнік ГА «БАЖ», сп. Робертс пайшоў падпісваць паперы, але мытнікі ўжо
адмаўлялі, што забіралі апаратуру. Увесь час за журналістамі сачылі невядомыя людзі ў цывільным.
На наступны дзень журналіста па тэлефоне спрабавалі запрасіць на размову ў КДБ, але ён адмовіўся і скіраваўся ў аэрапорт. У часе пашпартнага кантролю да яго падышоў невядомы чалавек у цывільным,
які назваўся «прадстаўніком прэзідэнцкай адміністрацыі» і папрасіў не раздзьмуваць скандалу, паабяцаўшы, што найбліжэйшым часам яго рэчы вернуць. Пасля гэтага Амас Робертс ўсё ж сеў
на самалёт і пакінуў нашу краіну.
На просьбу калегі беларускія журналісты накіравалі ў Генпракуратуру скаргу, якую ён склаў яшчэ ў Мінску. Копіі скаргі пайшлі міністру ўнутраных спраў, міністру замежных спраў і старшыні
Дзяржаўнага мытнага камітэту. Амас Робертс прасіў пракурораў тэрмінова правесці праверку па факце незаконнага вынятку ў яго прафесійнага абсталявання, вярнуць забраныя рэчы і прыцягнуць вінаватых да
адказнасці.
Адказы не праяснілі лёсу абсталявання.
У лютым гэтага года Амас Робертс атрымаў электронны ліст з амбасады Аўстраліі ў Маскве. Дыпламатычнае прадстаўніцтва пісала, што «беларускія ўлады скончылі свае мытныя
фармальнасці» з абсталяваннем сп-ра Робертса, і што цяпер ён сам альбо яго давераная асоба могуць забраць рэчы ў аэрапорце «Мінск-2».