БХД патрабуе адмяніць указ аб "працоўнай нядзелі"

Аргкамітэт па стварэнні Партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" прыняў адмысловую заяву ў сувязі з прызначэннем нядзелі 11 сакавіка працоўным днём. Заява

Аргкамітэт па стварэнні Партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" прыняў адмысловую заяву ў сувязі з прызначэннем нядзелі 11 сакавіка працоўным днём.

Заява

Перанос працоўнага дня з пятніцы, 9 сакавіка, на нядзелю, 11 сакавіка, — гэта выяўленне антыхрысціянскай сутнасці сённяшняга рэжыму. Дзеля адзначэння сумнеўнага свята 8 сакавіка беларусаў пазбаўляюць права спакойна хадзіць у царкву, застацца з сям'ёй і адзначыць дзень, які належыць прысвячаць Богу.
 
Нядзеля — дзень, у які для веруючага чалавека, за выключэннем асабліва неабходных прац, працаваць нельга. Нават у часы СССР простыя беларусы шанавалі царкоўныя святы і імкнуліся захоўваць нядзелю як дзень малітвы і супакою. Але для сённяшніх кіраўнікоў, якія ўзначальваюць краіну з тысячагадовай хрысціянскай гісторыяй, гэта, мяркуючы па ўсім, не мае значэння.
 
Супраць "працоўнай нядзелі" ўжо выказаліся прадстаўнікі ўсіх хрысціянскіх канфесій Беларусі. Гэтак, з крытыкай пераносу выходных выступіў прэс-сакратар Мінскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Сергій Лепін, прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксёндз Юрый Санько, а пастары шэрагу евангельскіх цэркваў нават накіравалі зварот да кіраўніка краіны з просьбай адмяніць "працоўную нядзелю".
 
Беларуская хрысціянская дэмакратыя ў сваю чаргу патрабуе з павагаю ставіцца да хрысціянскіх традыцый нашай краіны і адмяніць абсурдны ўказ аб "прызначэнні" нядзелі працоўным днём.

Паводле прэс-службы БХД