Без загадаў і аплаты. Наймальнік «забыўся» аформіць працу ў выходныя

«Ці павінна аплачвацца праца ў выходны дзень?» З такім пытаннем у Гомельскую абласную арганізацыю прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў звярнуліся вадзіцелі аднаго з раённых прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай галіны. Яны распавялі, што наймальнік сістэматычна прыцягвае іх да працы ў выходныя дні, але пры гэтым «забывае» пра аплату.

oplata_0114.jpg

А працаваць няпроста: даводзіцца прыбіраць снег у снегапад, вывозіць смецце ў галалёд, і кожны такі выезд патрабуе ад работніка асаблівай засяроджанасці і дадатковых фізічных высілкаў. У абласной арганізацыі прафсаюза прынялі рашэнне выехаць на прадпрыемства і разабрацца ў сітуацыі.
— Прыцягненне да працы ў выходны дзень, згодна з ст.145 Працоўнага кодэкса, павінна быць аформлена загадам (распараджэннем) наймальніка, але ў выніку маніторынгу ўстаноўлена, што на прадпрыемстве наогул не выдаваліся загады аб прыцягненні кіроўцаў да працы ў выходныя, — каментуе галоўны прававы інспектар працы Гомельскага абкама прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Вадзім Жаўрук.
У табелі ўліку працоўнага часу таксама адсутнічалі адпаведныя адзнакі, і ў разліковых лістках не было звестак аб налічэнні і выплаце заработнай платы за працу ў выходныя дні. Прававы інспектар працы наведаў аўтатранспартны ўчастак, дзе вывучыў дарожныя лісты, якія абавязаны ўтрымліваць поўныя звесткі пра час выезду на лінію, вяртання з яе і маршрут руху кожнага аўтамабіля. Аказалася, вадзіцелі сапраўды сістэматычна працавалі ў свае выходныя.
Вадзім Жаўрук сустрэўся з работнікамі жыллёва-камунальнага прадпрыемства і праінфармаваў іх аб парушэннях з боку наймальніка. Кіраўніцтву арганізацыі былі накіраваныя рэкамендацыі аб неадкладнай ліквідацыі гэтых парушэнняў: прафсаюзы запатрабавалі аформіць належным чынам загады аб прыцягненні кіроўцаў да працы ў выходныя дні і зрабіць адпаведную аплату. На сённяшні дзень сітуацыя выпраўленая: за працу ў выходныя дні 77 работнікам выплачана ў агульнай колькасці больш за 5,5 тыс. рублёў (толькі індэксацыя склала больш за 530 рублёў).
Паводле 1prof.by