Беларусы — у лідарах сярод асоб, якія атрымалі грамадзянства Польшчы

Больш за 30% заяў іншаземцаў аб наданні польскага грамадзянства былі разгледжаныя негатыўна.

Фота: mswia.gov.pl

Фота: mswia.gov.pl

 Газета Rzeczpospolita паведамляе, што польскі пашпарт усё больш цэніцца сярод іншаземцаў.

У 2018 годзе барвовую кніжыцу з залатым арлом на вокладцы атрымала рэкордная колькасць іншаземцаў — амаль 5200 чалавек. Гэта найбольшая лічба пасля лібералізацыі закону аб грамадзянстве, якая мела месца ў 2012 годзе.

Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы паведаміла, што ў мінулым годзе 1973 іншаземцы атрымалі польскі пашпарт на моцы рашэння прэзідэнта, а 3213 — паводле свайго польскага паходжання. У 2017 годзе польскі пашпарт атрымала 4300 іншаземцаў, у 2016-м — 4100 чалавек. Пры гэтым больш за 30% заяў іншаземцаў аб наданні польскага грамадзянства былі разгледжаныя негатыўна.

Хто можа атрымаць грамадзянства Польшчы? Па-першае, іншаземец, які пражывае на тэрыторыі краіны бесперапынна мінімум тры гады, які тут мае крыніцы ўтрымання, а таксама месца пражывання (уласную нерухомасць альбо натарыяльны дакумент аб арэндзе кватэры).

Грамадзянінам Рэспублікі Польшча можа таксама стаць іншаземец, які ажаніўся альбо выйшаў замуж за грамадзяніна Польшчы, але праз тры гады пасля заключэння шлюбу і праз два гады бесперапыннага пражывання ў Польшчы.

Перш за ўсё заявы аб наданні грамадзянства Польшчы падаюць грамадзяне Беларусі, Украіны, Расіі і ЗША.

У Польшчы можна мець двайное грамадзянства, таму іншаземец, які падае заяву аб атрыманні грамадзянства РП, не мусіць адмаўляцца ад свайго папярэдняга падданства.

Спецыялісты зазначаюць, што Польшча мае адны з найбольш ліберальных законаў аб наданні грамадзянства іншаземцам у Еўропе.

Дарэчы, у 2013–2017 гадах ад польскага грамадзянства адмовілася 2197 чалавек, паведамляе газета Rzeczpospolita.

www.radyjo.net