Сталін дапамагаў нацыстам забіваць жыхароў Заходняй Беларусі

Афіцыйная савецкая, а зараз расійская і беларуская гістарыяграфіі не любяць прызнаваць той факт, што фактычна ў Другую сусветную вайну Савецкі Саюз увайшоў 17 верасня 1939 года, калі загадаў падраздзяленням Чырвонай Арміі перайсці савецка-польскую мяжу і далучыць Заходнія Беларусь і Украіну да СССР. 

Нямецкія бамбардзіроўчыкі ў небе Польшчы

Нямецкія бамбардзіроўчыкі ў небе Польшчы


Аднак мала хто згадвае, што яшчэ да гэтага бальшавікі, па сутнасці, дапамагалі нацыстам забіваць жыхароў Віленскага, Навагрудскага, Беластоцкага і Палескага ваяводстваў, наводзячы самалёты люфтвафэ на цэлі на польскай тэрыторыі.

Тэлеграма ў Маскву

Адразу пасля заключэння Пакта Рыбентропа—Молатава 23 жніўня 1939 года немцы пачалі актыўна каардынаваць свае дзеянні супраць Другой Рэчы Паспалітай з бальшавікамі. Лепшым сведчаннем гэтага з’яўляецца тэлефанаванне начальніка сувязі германскай вайсковай авіяцыі генерала-лейтынанта Вольфганга Марціні ў Амбасаду Германіі ў Маскве, якое адбылося а 7-30 1 верасня 1939 года. Афіцэр папрасіў да слухаўкі вайсковага аташэ, генерала Эрнста Кёстрынга, а калі не змог звязацца з апошнім, перадаў германскаму амбасадару Фрыдрыху Вэрнару фон Шуленбургу наступнае паведамленне: «Начальнік генеральнага штаба генерал-маёр Ганс Яшонэк быў бы вельмі ўдзячны народнаму камісару сувязі, калі б атрымалася зрабіць так, каб радыёстанцыя ў Мінску пачала перадаваць паміж праграмамі сігнал, у якім будуць прысутнічаць словы «Richard Wilchelm 1.0», а падчас эфіру просім як мага часцей пускаць у эфір слова «Мінск». Прашу паведаміць, ці будзе гэтая просьба выкананая і калі».

Хутка амбасадар фон Шуленбург перадаў просьбу з Берліна «па інстанцыі». Адказ не прымусіў чакаць на сябе. У бальшавіцкім паведамленні адзначалася: «Савецкі ўрад гатовы выканаць адзначаную просьбу. Аднак радыёстанцыя ў Мінску на працягу трансляцыі сваёй праграмы, якая спецыяльна будзе павялічаная на дзве гадзіны, будзе як мага часцей перадаваць слова «Мінск». Савецкі ўрад запытвае, ці ў гэтым выпадку патрэбны нейкі акрэслены час перадачы сігналу. Аднак адзначанага ў нямецкай тэлеграме крыптоніму савецкі бок, каб пазбегнуць непатрэбных наступстваў, перадаваць не будзе».

Нямецкія бамбардзіроўшчыкі атакуюць

Нямецкія бамбардзіроўшчыкі атакуюць

Так Крэмль пагадзіўся дапамагчы нацыстам знішчаць не толькі гарнізоны Войска Польскага на тэрыторыі паўночна-ўсходніх польскіх ваяводстваў, але і забіваць мірных жыхароў. Тых, каго праз два тыдні Масква прыйдзе «вызваляць». Варта таксама адзначыць, што ў гэтыя ж дні Масква дамовілася з Берлінам наконт прыезду ў сталіцу рэйха савецкай вайсковай місіі. Для канспірацыі гэты візіт падалі як «прыбыццё новага савецкага вайсковага аташэ».


Ахвяры савецка-германскага «Freundschaft»

Слова «Мінск» у навушніках чулі пілоты люфтвафэ, якія раніцай 1 верасня 1939 года разбамбілі польскі вайсковы склад у Караліне пад Гродна. Тады акрамя вайсковых, пацярпела і шмат цывільных жыхароў Гродзеншчыны. У той жа дзень нямецкія самалёты бамбілі казармы 35-га палка Войска Польскага ў Брэсцкай крэпасці, а праз дзень нямецкія бомбы пашкодзілі «Белы палац».

Разбурэнні ў Брэсце. Верасень1939 года

Разбурэнні ў Брэсце. Верасень1939 года

Наступны налёт нямецкай авіяцыі на горад на Бугу адбыўся 7 верасня 1939 года. Тады нацысты разбамбілі цэнтр горада. Бамбардзіроўка была звязаная з тым, што ў гэты дзень у Брэст разам са штабам прыбыў Галоўнакамандуючы Войскам Польскім маршал Эдвард Рыдз-Сміглы. Зразумела, што палявалі за ім, а таксама чальцамі польскага ўрада, якія эвакуяваліся на Усход.

Брэст, верасень 1939 года

Брэст, верасень 1939 года

Адна з бомб трапіла ў гатэль на вуліцы Дамброўскага (зараз Савецкая) і збіла вугал будынка. Другая ўзарвалася ў двары гатэля. Акрамя гэтага немцы адбамбіліся ў раёне будынка ваяводства на вуліцы Люблінскай уніі (зараз гарвыканкам), а таксама ва «ўрадавай калоніі». Там знаходзіліся супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў Другой Рэчы Паспалітай. Аднак асабліва цяжкія наступствы былі ў раёне вуліцы 3-га траўня (сёння Пушкінская), дзе было шмат крамаў і ў час авіяналёту было шматлюдна. Паводле ўспамінаў відавочцаў той трагедыі, пасля бамбёжкі кавалкі цел ахвяр віселі на дрэвах, было шмат крыві. На дарогах ляжалі забітыя коні і гарэлі знішчаныя машыны. Тады ж у Брэсце пачалі капаць траншэі для таго, каб хавацца падчас нямецкіх бамбардзіровак.

Гарыць польскае мястэчка

Гарыць польскае мястэчка

А вось як бамбардзіроўку нямецкай авіяцыяй чыгуначнай станцыі Баранавічы апісваў жаўнер польскага Корпуса аховы памежжа (далей КАП) Станіслаў Пехаход: «Пасля прарыву фронту на Візне 135-ты пяхотны полк быў зняты з першай лініі і адпраўлены ў тыл, што дазволіла нам пазбегнуць вялікіх стратаў. 10 верасня 1939 года мы дайшлі да мясцовасці Монкі, а далей да Чорнай Всі ля Беластока, дзе нас пагрузілі на вайсковы эшалон і накіравалі ў бок Баранавічаў. 14 верасня 1939 года мы перажылі цяжкую бамбёжку станцыі Баранавічы Цэнтральныя. У нас былі вялікі страты і ў людзях, і ў вайсковым абсталяванні. Я жыў недалёка ад Баранавіч, і мне атрымалася сустрэцца з бацькам і братам падчас гэтага гітлераўскага налёту. Наступствы былі жудасныя. А 17 верасня 1939 года нас бамбіла ўжо савецкая авіяцыя».

Пазыўныя радыёстанцыі ў сталіцы БССР чулі нямецкія пілоты, якія ў верасні 1939 года бамбілі Кобрын. «Памятаю, мы пайшлі з сябрам пасвіць кароў. Бачым, па чыгунцы ідзе цягнік Пінск–Кобрын. Я ведаў, бо мой бацька працаваў на чыгунцы. Чуем гул самалёта, а хутка ў небе з’явілася двухматорная машына і пачала зніжацца. З яе нешта пападала. Мы пабеглі паглядзець, што ж там з самалёта выкінулі. А гэта бомбы. Выбухі пачаліся. Немец разбамбіў цягнік, а потым пайшоў на Кобрын і скінуў некалькі бомб на горад. Адна з іх упала на школу імя Юзафа Пілсудскага — зараз гэта гімназія № 2», — апісваў тыя жудасныя падзеі жыхар Кобрына Сцяпан Цімашук.

Савецкія самалеты, верасень 1939 года

Савецкія самалеты, верасень 1939 года

Варта адзначыць, што гэты палескі горад быў другім па значнасці чыгуначным вузлом Палескага ваяводства. Тут праходзіла чыгунка Брэст — Пінск — Лунінец, а таксама важныя аўтамабільныя дарогі на Баранавічы і Ковель. Таму нямецкія самалёты ў гэтым раёне ажыццяўлялі пастаянныя налёты. Акрамя гэтага, камандаванне Войска Польскага перакідвала свае падраздзяленні з тэрыторыі Заходняй Беларусі ў раён Львова, і гэтаму спрабавалі перашкодзіць нацысты. «Нашыя часці перадыслакавалі з Брэста на Поўдзень. Але як толькі наш эшалон адышоў ад станцыі, наляцелі нямецкія бамбардзіроўшчыкі. Бамбёжка была жудаснай. Шмат маіх таварышаў тады загінула. Нашы кулямётчыкі спрабавалі страляць па немцах, але сілы былі няроўныя. Як зараз памятаю людскія і конскія трупы ўперамешку», — узгадваў налёты нямецкай авіяцыі ў верасні 1939 года адзін з жаўнераў польскага войска.


Саветы дабіваюць Войска Польскае

А калі 17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перайшла даваенную мяжу з Польшчай, «класавых ворагаў» пачалі «знішчаць» ужо самалёты з чырвонымі зоркамі на крылах.

Савецкі самалёт у небе Заходняй Беларусі

Савецкі самалёт у небе Заходняй Беларусі

«Тагачасны Давыд-Гарадок быў экзатычным. Тратуары там былі зробленыя з драўляных дошак, а па вуліцы хадзілі габрэі з пэйсамі, у халатах і ярмолках. [...]. Там быў батальён КАП «Давыд-Гарадок» пад камандаваннем маёра Яцка Тамашэўскага, якому падпарадкоўваліся стражніцы, што знаходзіліся на лініі мяжы. Батальён уваходзіў у склад брыгады КАП «Палессе». У батальёне і брыгадзе тады былі ў асноўным жаўнеры-рэзервісты. [...] 17 верасня ў 5-00 камандаванне батальёна КАП у Давыд-Гарадку атрымала са сваіх стражніц паведамленне, што савецкія аддзелы пераходзяць мяжу. Генерал Орлік-Рукеман аддаў загад супрацьстаяць. [...] Пазней камандаванне загадала адыходзіць. [...] Лета было сухім, і багны высахлі, аднак у дзень прыходзілася праходзіць па 40 кіламетраў. Падчас атак савецкай авіяцыі нашае падраздзяленне панесла вялікія страты», — узгадваў адзін з польскіх памежнікаў.

Чырвоная Армія ў Ракаве, 17 верасня 1939 года

Чырвоная Армія ў Ракаве, 17 верасня 1939 года

Такой была адна са старонак той, «неабвешчанай» вайны, якую Савецкі Саюз вёў супраць Польшчы ў верасні 1939 года на тэрыторыі Заходняй Беларусі. І калі згадваецца аб’яднанне беларускіх тэрыторый, трэба заўсёды аналізаваць, якім коштам гэта было зроблена.

Фота з уласнага архіву аўтара