Беларускі спартсмен пра АМАП: альбо гэта хлопцы з вёсак, альбо хлопцы, якія займаліся спортам і больш нічога не ўмеюць
Сяргей Скіба, дзевяціразовы чэмпіён свету па кікбоксінгу, пераможца чэмпіянатаў Еўропы і іншых топавых турніраў па кікбоксінгу і тайскім боксе, падзяліўся меркаваннем аб тым, чаму некаторыя выбіраюць працу ў АМАПе.
— Чаму людзі ідуць працаваць у АМАП? Альбо гэта хлопцы з
вёсак, якія адслужылі ў войску і ім альбо ісці ў сілавыя структуры, альбо ехаць
да сябе ў вёску, дзе ніякай няма будучыні. Альбо хлопцы, якія займаліся спортам
і больш нічога рабіць не ўмеюць. У спорце будучыні няма, таму што яны там не
зусім чэмпіёны. І трэба некуды ўладкоўвацца, — цытуе Скібу «Трыбуна» са спасылкай на эфір «Маланка медыя».
— Таму яны адчуваюць сябе чэмпіёнамі на пратэстах.
— Так, вядома. Я гэта разумею так.
— Можа, яны як-небудзь табе расказвалі ці ты ад кагосьці чуў.
Гэты міф, які ходзіць сярод беларусаў, што ім даюць нейкія наркотыкі, перад тым
як яны ідуць разганяць масавыя мерапрыемствы...
— Я не ведаю, што на іх дзейнічае. Як ідэалогія працу
праводзіць. Мне кажуць: «Сяргей, мы абараняемся, у нас кідаюць камяні,
падпаленыя бутэлькі. А мы робім сваю працу. Калі не мы, то будуць біць
нас». Хоць я не бачыў нікога, каб хтосьці ішоў з камянямі, з палкамі.
Людзі ідуць мірна на пратэсты. Максімум, што ў яго можа быць —гэта бел-чырвона-белы сцяг.