Беларускі ПЭН-цэнтр выступіў за Паўла Севярынца
Рада Беларускага ПЭН-цэнтру прыняла заяву, у якой патрабуе спыніць пераслед пісьменніка і грамадскага дзеяча Паўла Севярынца.
Павел Севярынец быў затрыманы 26 лютага на выхадзе з дому. Падставай стаў заклік да ўдзелу ў акцыі на Кастрычніцкай плошчы ў падтрымку беларускіх палітвязняў.
Павел Севярынец разам з іншымі ўдзельнікамі акцыі ў абарону палітвязняў быў дастаўлены ў Ізалятар часовага ўтрымання, дзе ў нечалавечых умовах чакае суда з 26-га лютага. Сваякам, журналістам і праваабаронцам не даюць інфармацыі пра затрыманых і імаверны тэрмін суда. Больш за 20 гадоў на пісьменніка і грамадскага дзеяча Паўла Севярынца аказваецца ціск, які выяўляецца: у пазбаўлені волі, накладанні штрафаў, канфіскацыі рукапісаў і ўмяшальніцтве ў прыватнае жыццё.
Павал Севярынец — пісьменнік, грамадскі дзеяч, Лаўрэат літаратурных прэмій Беларускага ПЭН-цэнтру: імя А. Адамовіча і прэміі імя Францішка Аляхновіча, прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава 2008 г., у 2018 годзе з раманам «Беларусалім» (2017) увайшоў у шорт-ліст Прэміі Ежы Гедройца.
Павал Севярынец — удзельнік і арганізатар масавых вулічных выступаў і акцыяў пратэсту ды салідарнасці ў 1997-2018 гг.
За 21 год грамадска-палітычнай дзейнасці больш за 120 разоў затрымліваўся міліцыяй і КДБ, атрымаў каля 15 тысячаў даляраў штрафаў. Агулам правёў падчас адміністрацыйных арыштаў на “сутках” больш за год, у зняволенні па “крымінальных” палітычных справах (за арганізацыю мірных пратэстаў) — 4,5 гады. Неаднаразова быў прызнаны міжнароднымі і беларускімі праваабаронцамі палітычным вязнем і вязнем сумлення.
2 красавіка 1998 года быў арыштаваны падчас апазіцыйнай маніфестацыі ў Мінску і за «зрыў канцэрту, прысвечанага аб’яднанню Расіі і Беларусі», змешчаны ў следчы ізалятар на вул. Валадарскага. Праз два месяцы пад ціскам беларускай і міжнароднай грамадскасці вызвалены і адпраўлены пад падпіску аб нявыездзе ў Віцебск. Крымінальная справа закрытая ў лістападзе 1998 годзе без тлумачэнняў і прабачэнняў.
У 2005 годзе абвінавачаны ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць «трэцяга тэрміну Лукашэнкі», якія адбыліся ў Мінску пасля «рэфэрэндуму-2004″ 18 і 19 кастрычніка. Асуджаны да трох гадоў абмежавання волі (г.зв. «хіміі»), з улікам амністыі тэрмін скарочаны да двух гадоў. Адбываў пакаранне на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна на Поўначы Беларусі (Полацкі раён), дзе напісаў кнігу “Лісты з лесу”.
У снежні 2010 года падчас масавай акцыі супраць фальсіфікацыі выбараў (“Плошча”) арыштаваны, пяць месяцаў адбыў у турме КДБ, а затым два гады і два месяцы — у спецкамендатуры ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна, дзе напісаў кнігу “Беларуская глыбіня”. Вызвалены ў кастрычніку 2013 года.
У перыяд з 30 чэрвеня па 10 ліпеня 2018-га года Севярынец Павел Канстанцінавіч пісьменнік, сябра Саюза Беларускіх Пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру, адбываў 10 сутак адміністрацыйнага арышту за абарону месца масавых расстрэлаў — Курапаты ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама, у камеры №9.
5 ліпеня падчас праверкі ў Паўла Севярынца забралі 11 старонак рукапісу рамана "Беларусалім. Сэрца святла", які ён пісаў у камеры. Рукапіс забралі, нягледзячы на пратэсты аўтара. Адпаведныя заявы былі дасланыя ў Генпракуратуру, Дэпартамент выканання пакарання, СБП, СМІ.
10 жніўня 2018 года, падчас чарговага арышту за абарону Курапатаў, супрацоўнікі ЦІП рукапіс вярнулі.
Шматгадовыя пераслед і арышты Паўла Севярынца парушаюць права на выказванне, падрываюць здароўе творцы і першакаджаюць творачай дзейнасці.
У сувязі з гэтым Рада Беларускага ПЭН-Цэнтрумы заклікае ўлады Беларусі спыніць пераслед Паўла Севярынца.