Беларуская мяжа: выйсці нельга ўвайсці?

Сітуацыя на мяжы Беларусі з еўрапейскімі краінамі становіцца ўсё больш складанай: вялізныя чэргі, узмоцнены дагляд, "размовы" з "людзьмі ў цывільным". Каго шукаюць спецслужбы?

miazha_9_logo.jpg.webp

Пасля закрыцця часткі пунктаў пропуску на мяжы Беларусі з краінамі ЕС час праходжання мяжы значна павялічыўся і можа займаць дзясяткі гадзін. Акрамя таго, да стандартных праверак апошнім часам у РБ часам дадаецца «гутарка з людзьмі ў цывільным».

Deutsche Welle паразмаўляла з беларусамі, якія нядаўна ездзілі за мяжу на ўласным транспарце і на рэйсавых міжнародных аўтобусах. Вось іх ўражанні.

Міліцыя не рэагавала

Вольга (імя змененае) выязджала на аўтамабілі з Беларусі ў Польшчу на пачатку чэрвеня. Дзяўчына кажа, што ёй давялося даволі доўга стаяць на мяжы праз тое, што "хтосьці прыязджае рана, займае чаргу, а потым прадае сваё месца тым, хто гатовы плаціць". 

Міліцыя, паводле слоў беларускі, на скаргі аніяк не рэагавала. "Калі мы падышлі да міліцэйскай машыны сказаць, што ў чарзе пачынаецца бойка, яны носам не павялі", — успамінае суразмоўца "Нямецкай хвалі". 


Глядзіце таксама

Што тычыцца бытавых умоў, Вольга кажа, што ў так званым "адстойніку" — перад самай мяжой — ёсць кругласутачная крама, праз дарогу — запраўка, дзе таксама можна нешта купіць. 

Аўтамабіль Вольгі дагледзелі даволі хутка, таму што ў іх былі "толькі асабістыя рэчы і сувеніры", але іншыя машыны, "якія забітыя пад дах", адпраўлялі на рэнтген.

"Гэта таксама запавольвае рух, да таго ж працуе мала каналаў", — адзначае беларуска. Таксама яна дадае, што час перасячэння мяжы залежыць ад змены, якая праводзіць дагляд: хтосьці працуе хутчэй, хтосьці павольней. Тыя, хто часта перасякаюць мяжу, паводле слоў Вольгі, "ведаюць, у якую змену лепш ехаць".


Людзі ў цывільным выклікаюць "на размову"

"Да ўезду пад шлагбаўм утвараюцца чэргі па 5-10 гадзін, часта "сябры-знаёмыя" адно аднаго прапускаюць, народ нервуецца, лаецца, бывала да боек даходзіла", — расказвае удзельнік пабліка, прысвечанага сітуацыі на беларуска-польскай мяжы.

Паводле слоў мужчыны, час праходжання "раз на раз не выпадае". Так, "ад шлагбаўма да шлагбаўма ў бок Беларусі" можна даехаць і за паўгадзіны, а можна прастаяць 18 гадзін на выездзе з краіны.

Суразмоўца адзначае, што стаўленне супрацоўнікаў пунктаў пропуску з абодвух бакоў нармальнае. "Выходзіць з аўто можна бліжэй да нейтральнай паласы ў палякаў і літоўцаў, у беларусаў можна крыху больш, напрыклад, у Duty Free схадзіць", — расказвае мужчына. 

Ён прызнаецца, што на ўзмоцнены дагляд аўтамабіля ніколі не трапляў, але ведае, што "бываюць з рэнтгенам і частковай разборкай аўто". Таксама апошнім часам беларусаў пры перасячэнні мяжы запрашаюць на гутарку "людзі ў цывільным".

"Не прадстаўляюцца, задаюць пытанні пра пратэсты, чым займаешся "там" (за мяжой.Заўв. рэд.), дзе і на якія сродкі жывеш, куды ходзіш, ці ўдзельнічаеш у акцыях. Забіраюць тэлефоны на дагляд", — кажа суразмоўца.

20 еўра за 5-6 гадзін у чарзе

Чаргу для праходжання мяжы займаюць за грошы і на польскім баку, гаворыць Юлія (імя змененае), якая заязджала ў Беларусь некалькі дзён таму. "Многія залазілі без чаргі — у асноўным, жыхары памежных рэгіёнаў. Хутчэй адно аднаму месцы трымаюць і прапускаюць "сваіх". На гадзіну дык дакладна праз іх павялічыўся час знаходжання на мяжы", — абураецца дзяўчына.

Праходжанне мяжы ў цэлым у яе заняло каля дзевяці гадзін. Шапікаў з ежай, паводле яе слоў, не было ні з польскага, ні з беларускага боку, платныя прыбіральні былі на польскім КПП. 

Сам памежны кантроль, кажа Юлія, яна прайшла хутка: і польскія, і беларускія памежнікі паводзілі сябе ветліва. "Папрасілі адкрыць адну сумку — магчыма, таму што мы былі з дзіцём. Бо іншыя машыны даглядалі цалкам", — кажа суразмоўца. 

Між тым, у пабліку, прысвечаным перасячэнню мяжы РБ, журналісты знайшлі карыстальніка, які прапаноўваў заняць "чаргу на ПП "Прывалка" да шлагбаўма", і прадставіліся патэнцыяльнымі кліентамі.

На момант размовы (у другой палове дня 20 чэрвеня) да шлагбаўма, як выявілася, было 40 машын, або каля 5-6 гадзін у чарзе. За свае паслугі ён хацеў 70 беларускіх рублёў (каля 22 еўра). 

На пытанне DW, ці не будзе праблем з іншымі кіроўцамі, якія чакаюць, напісаў, што не: "Я папярэджваю машыну ззаду, што замест мяне прыедзе іншы чалавек. Вы займаеце маё месца — я з'язджаю". 

На аўтобусе хутчэй? 

Праблемы тых, хто перасякае мяжу на ўласным аўтамабілі, здаецца, не павінны датычыцца аўтобусаў, для якіх перад КПП выдзелена асобная паласа. Але ці так гэта? 

Наталля (імя змененае) у сярэдзіне чэрвеня ездзіла ў Латвію. Мяжу ў абодва бакі перасякала на аўтобусе і кажа, што гэта заняло каля дзвюх гадзін. "Але гэта латвійская мяжа праз Браслаў, там няма вялікай плыні", — удакладняе дзяўчына.

Паводле яе слоў, беларускія памежнікі і пры выездзе, і пры ўездзе ў краіну вельмі ўважліва вывучалі яе пашпарт і польскую візу. "Пытанняў пра тое, што рабіла, з кім сустракалася, праверкі тэлефона не было, — кажа суразмоўца. — Пасажырам з відам на жыхарства — мабыць, Латвіі, — нейкія дадатковыя пытанні задавалі, але не "людзі ў цывільным".

20 чэрвеня сваячка Наталлі ехала на маршрутцы з Гродна ў Беласток праз Літву. Паводле яе слоў, беларускую мяжу прайшлі хутка, а на літоўскай прастаялі тры гадзіны.

Аўтобус, на якім Ірына (імя змененае) ехала ў сярэдзіне чэрвеня з Мінска ў Гданьск, правёў у дарозе лішнія шэсць гадзін. "Аўтобус выехаў з Мінска з затрымкай дзесьці а другой гадзіне, — расказвае дзяўчына. — Кіроўцы сказалі, што спазніліся, таму што ў адной з пасажырак папярэдняга рэйса доўга правяралі тэлефон на мяжы".

Калі аўтобус дабраўся да беларуска-польскай мяжы, там, паводле слоў суразмоўцы, былі велізарныя чэргі. З беларускага боку "прастаялі сем гадзін", яшчэ дзве гадзіны — з польскага, хоць сама працэдура дагляду і ў Беларусі, і ў Польшчы прайшла даволі хутка, і на беларускім КПП нікога "не выводзілі на размову".

Перад уездам у зону дагляду пасажырам, паводле слоў Ірыны, можна было выйсці з аўтобуса, прайсціся, падыхаць паветрам, а вось пасля — ужо не, але гэта, мяркуе суразмоўца, залежыць ад кіроўцаў аўтобуса. У суседніх аўтобусах не зачынялі дзверы і людзі маглі спакойна выходзіць.