«Беларусь» замест «Белая Расія»: Данія мяняе назву нашай краіны
Міністэрства замежных спраў Даніі з гэтага часу будзе выкарыстоўваць назву «Belarus» замест «Hviderusland», што ў перакладзе з дацкага азначала «Белая Расія», паведамляе «Еўрарадыё».
![Беларусь у Даніі будуць называць «Belarus», а не «Hviderusland». Фота pixabay.com Беларусь у Даніі будуць называць «Belarus», а не «Hviderusland». Фота pixabay.com](/img/v1/images/danija_19_03.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Беларусь у Даніі будуць называць «Belarus», а не «Hviderusland». Фота pixabay.com
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на старонцы ведамства ў Twitter.
«Прыйшоў час выкарыстоўваць нам тэрмін, запатрабаваны беларускай грамадзянскай супольнасцю і народам», — патлумачыў прынятае рашэнне міністр замежных спраў краіны Ёпэ Кофард.
![Паведамленне МЗС Даніі ў Twitter / twitter.com/DanishMFA Паведамленне МЗС Даніі ў Twitter / twitter.com/DanishMFA](/img/v1/images/screen1903.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Паведамленне МЗС Даніі ў Twitter / twitter.com/DanishMFA
Нагадаем, раней пра магчымасць перайсці да выкарыстання назвы «Belarus» замест «Baltarusija» заявілі і ў Літве. Кіраўнік МЗС краіны Габрыэлюс Ландсбергіс у студзені нагадаў, што «Балтарусія» «даслоўна перакладаецца як «Белая Расія», і заявіў, што «калі беларусы выкажуць такое пажаданне, то мы абавязкова разгледзім гэтае пытанне гэтак жа, як мы ўжо змянілі назву Грузіі на "Сакартвела"».
Некалькі гадоў таму на такі ж крок пайшлі і ў Швецыі: Беларусь у афіцыйных паперах стала «Belarus», а не «Vitryssland» («Белая Расія»).