Праз дыпламатычны скандал Генконсульства Беларусі ў Беластоку часова не прымае дакументы

У сацыяльных сетках другі дзень «гуляюць» фотаздымкі аб'явы на консульстве Беларусі ў Беластоку, дзе сказана, што дыпведамства спыніла працу па візавых пытаннях. Прычына — у дыпламатычным скандале, у выніку якога МЗС Польшчы пяць дзён таму выслала двух беларускіх консулаў.

knmuc.jpg

У Польшчы Беларусь прадстаўлена трыма дыпведамствамі: у Варшаве працуе пасольства, а ў Беластоку і Бяла-Падлясцы — консульства.

konsulstvo_v_belostoke.jpeg

Фота з тэлеграм-канала «МотолькоПомоги»
У МЗС Беларусі TUT.BY растлумачылі, што пакуль праца консульства ў Беластоку сапраўды прыпыненая.
— У цяперашні час з прычыны ўзніклых абставін на некалькі дзён прыпыніла прыём дакументаў у Генеральным консульстве Беларусі ў Беластоку. Беларускі бок прадпрымае ўсе намаганні па найхутчэйшым аднаўленні нармальнай працаздольнасці консульскай установы па абароне законных правоў і інтарэсаў беларускіх грамадзян. Разлічваем, што ў бліжэйшыя дні функцыянаванне будзе адноўлена ў неабходным аб'ёме, — распавёў TUT.BY прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.
У МЗС дадалі, што часова ж нейкія тэрміновыя бягучыя пытанні беларускім грамадзянам, якія знаходзяцца на пастаянным консульскім уліку ў Генеральным консульстве Беларусі ў Беластоку, можна ўдакладніць па тэлефоне: + 48 85 664 99 40.
Пасольства ў Варшаве і консульства ў Бяла-Падлясцы працуюць у штатным рэжыме.

Што адбылося

1 сакавіка ў Польшчы адзначаецца Нацыянальны дзень памяці «выклятых салдат», устаноўлены ў 2011 годзе. Гаворка ідзе пра ўдзельнікаў антысавецкага падполля, якія ў другой палове 1940-х гадоў змагаліся за незалежнасць краіны. Але сярод іх ёсць і салдаты атрада Рамуальда Райса (па мянушцы «Буры»), якія спалілі пяць вёсак на тэрыторыі Усходняй Польшчы, дзе жылі праваслаўныя беларусы. Тады загінулі 79 чалавек.
9 сакавіка ў МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы ў Беларусі Марціна Вайцяхоўскага. Дыпламату ўручылі ноту пратэсту з-за ўдзелу консула ў Брэсце Ежы Цімафеюка ў мерапрыемстве, прысвечаным «дню выклятых салдат». У МЗС заявілі, што ўдзелам у гэтым мерапрыемстве польскі прадстаўнік парушыў нормы міжнароднага права. Консулу было прапанавана пакінуць тэрыторыю Беларусі.
У адказ Польшча прызнала персонай нон-грата дыпламата з пасольства Беларусі ў Варшаве.
11 сакавіка ў МЗС Беларусі зноў выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы. Польскаму боку ўручылі ноту з прапановай кіраўніку і консулу Генеральнага консульства Польшчы ў Гродне пакінуць тэрыторыю Беларусі на працягу 48 гадзін.
12 сакавіка МЗС Польшчы выслала двух беларускіх консулаў — генеральнага консула Беларусі ў Беластоку і консула Беларусі з місіі ў Варшаве.