Беларусь назвалі самай небяспечнай для журналістаў краінай Еўропы
«Рэпарцёры без межаў» назвалі
Беларусь самай небяспечнай у Еўропе краінай для журналістаў і далі 15 рэкамендацый,
як спыніць беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі, паведамляе «Свабода».
У прыватнасці, яны заклікалі Еўрапейскі саюз замарозіць усе выплаты Беларусі па лініі фінансавай дапамогі, пакуль там парушаюцца правы чалавека.
За чатыры месяцы ў Беларусі:
- зафіксавалі 449 выпадкаў парушэння свабоды слова,
- арыштавалі 368 журналістаў,
- палову арыштаваных асудзілі,
- 80 журналістаў зняволілі на тэрмін, не меншы за тры дні,
- 7 журналістаў прыцягнулі да крымінальнай адказнасці або атрымалі пагрозы такога пераследу,
- 62 журналісты сталі ахвярамі гвалту, жорсткага абыходжання і нават катаванняў падчас утрымання пад вартай.
Каб спыніць гэтыя рэпрэсіі і закласці новыя асновы свабоды слова ў Беларусі, «Рэпарцёры без межаў» далі рэкамендацыі беларускім уладам і міжнародным інстанцыям.
Сярод патрабаванняў да беларускіх уладаў,
- гарантаваць бяспеку журналістам, асудзіць вінаватых у парушэнні свабоды слова, жорсткім абыходжанні, гвалце і катаваннях;
- спрасціць акрэдытацыю замежных журналістаў;
- спыніць цэнзуру і блакаванне навінавых сайтаў і блогаў;
- вярнуць незалежным выданням доступ да друку і распаўсюду;
- скасаваць абавязак весці ўлік і раскрываць звесткі каментатараў;
- спыніць крымінальны і адміністрацыйны пераслед журналістаў, перагледзець прысуды;
- паспрыяць візіту ў Беларусь дакладчыка АБСЕ і экспертаў ААН;
- прызнаць юрысдыкцыю Еўрапейскага суду па правах чалавека.
Да еўрапейскіх інстытуцый «Рэпарцёры без межаў» звярнуліся з заклікам падтрымліваць журналістаў і свабоду слова ў Беларусі. А таксама ўвесці санкцыі супраць беларускіх уладаў і замарозіць фінансавую дапамогу.
У рэйтынгу свабоды прэсы «Рэпарцёраў без межаў» Беларусь займае 153-е месца з 180.