Бабуліна спадчына: бел-чырвона-белы сцяг, які выпусціла дзяржфабрыка. Фотафакт
Жыхарка Жодзіна Наталля сёлета разбірала рэчы ў доме сваёй бабулі і знайшла бел-чырвона-белы сцяг з біркай. Сцягу ўжо 26 гадоў, але ён выдатна захаваўся.
"Я ведаю, што ўсе мае блізкія яго шанавалі, у маёй сям'і распавядалі пра падзеі 90-х гадоў, марылі пра вольную Беларусь менавіта пад гэтым сцягам. Але няма цяпер побач нікога, хто мог бы расказаць пра яго", — паведаміла яна EX-PRESS.BY.
"Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь" памерам 51 на 102 сантыметры выпушчаны ў верасні 1994 года на Мінскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, якая знаходзілася тады па адрасе вуліцы Кульман, 3. Зараз у гэтым месцы размешчаны гандлёвы цэнтр. Мінскай Фабрыкі мастацкіх вырабаў больш няма.
Тое, што знаходка адбылася менавіта ў 2020 годзе, Наталля лічыць добрым знакам. Дзяўчына распавяла пра яго знаёмым і, як аказалася, у многіх з іх дома ёсць бел-чырвона-белыя сцягі — і самаробныя, і пашытыя пад заказ прыватнымі майстэрнямі. Але такога рарытэту не аказалася ні ў каго.
— Мы будуем дом, і я лічу, што цяпер гэта будзе галоўная каштоўнасць у нас. Гэты сцяг будзе вісець у маім доме, і я буду ім ганарыцца, — перакананая Наталля.