Арганізатару вечарыны свінгераў далі 14 год калоніі
Суд Мінскага раёну вынес прысуд арганізатару секс-вечарыны ў Бараўлянах.
Фота TUT.BY
28 ліпеня 2018 года ўпраўленне наркакантролю ГУУС і САХР разагналі вечарыну свінгераў у Бараўлянах. Многія ўдзельнікі былі затрыманыя нібыта за "прастытуцыю" (хаця ўдзельнікі сцвярджаюць, што грошы за секс ніхто не браў), у тым ліку і арганізатар Вячаслаў Казанаў.
Затрыманне адбывалася ў грубай форме: людзей чатыры гадзіны трымалі тварам у падлогу.
Пасля вялікага грамадскага розгаласу і абурэння ў сацсетках міліцыя паведаміла, што Вячаслаў Казанаў вінаваты не толькі ў арганізацыі заняцця прастытуцыяй, але і ў згвалтаваннях. І вось затрыманаму вынеслі прысуд.
Працэс быў закрыты і на агалошванне прысуду прыйшлі толькі журналісты і дзве дзяўчыны ў цёмных акулярах.
Суд прызнаў Казанава вінаватым у зносінах насуперак волі пацярпелай з прымяненнем гвалту, здзейсненым паўторна, а таксама "іншых дзеяннях сексуальнага характару", у арганзіацыі прастытуцыі і ўтрыманні прытону для занятку прастытуцыяй і прысудзіў яго да 14 гадоў калоніі і штрафу ў памеры 10 200 рублёў.
Чытайце таксама: Калі прыйшлі за свінгерамі, я прамаўчаў бо я не свінгер
Казанаў заявіў, што збіраецца абскардзіць прысуд:
— Я не прызнаю віну ні ў адным з інккрымінаваных мне злачынстваў. Я не проста нявінны — гэтая справа сфальсіфікаваная ад А да Я. Падчас суду было даказана трыма экспертамі, што мінімум адзін пратакол быў сфальсіфікаваны. Мяне наведвала шмат высокапастаўленых людзей. Я не ведаю, каму я не дагадзіў і перайшоў дарогу.
Паводле TUT.BY.