Антытытунёвы дэкрэт: Паліць можна будзе… нідзе
У ліфце, на пляжы і ў аўтамабілі ў прысутнасці дзяцей да 14 гадоў — гэта толькі частка месцаў, дзе нельга будзе паліць... Антытытунёвы дэкрэт вынеслі на грамадскае абмеркаванне.
У інтэрнэце пачалі абмеркаванне антытытунёвага дэкрэту № 28, які можа прывесці да поўнай забароны палення ў грамадскіх месцах.
Улады вынеслі праект на грамадскае абмеркаванне 10 мая.
У абмеркаваннях беларусы прапануюць дадатковыя забароны:
— увесці штрафы за выкіданне недакуркаў не ў сметніцу;
— дадаць забарону на продаж цыгарэт у месцах прыпынкаў грамадскага транспарту;
— забараніць паліць парках і скверах, каля ўваходаў і выхадаў усіх будынкаў, памяшканняў і тэрыторый;
— абавязаць міліцыю ажыццяўляць штодзённыя рэйды па адлову курцоў;
— увесці адміністрацыйную адказнасць за курэнне побач з непаўналетнімі.
Паўдзельнічаць у дыскусіі і падзяліцца меркаваннем можна тут.
Што напісана ў дэкрэце
У антытытунёвым дэкрэце пералічаны спіс месцаў, якія хочуць зрабіць свабоднымі ад курэння звычайных і электронных цыгарэт.
Месцы, свабодныя ад курэння, плануецца падзяліць на дзве катэгорыі: з поўнай забаронай і са спецыяльна прызначанымі для курэння месцамі.
Да першай катэгорыі дакумент адносіць:
— ліфты і дапаможныя памяшканні шматкватэрных дамоў і інтэрнатаў (у тым ліку балконы і лоджыі), дзіцячыя пляцоўкі, пляжы, тэрыторыі дзіцячых летніх лагераў, працоўныя месцы, прыпынкі і тэрыторыю ў радыусе 10 метраў ад іх, грамадскі транспарт (у тым ліку цягнікі) і асабістыя аўтамабілі, калі ў іх едуць дзеці да 14 гадоў, спартовыя ўстановы.
Да другой катэгорыі:
— крамы, гандлёвыя цэнтры, рынкі, кавярні і рэстараны, вытворчыя памяшканні, тэрыторыі школ і ВНУ, ж/д платформы, вакзалы і аэрапорты.
Юрыдычныя асобы, якім належаць пералічаныя вышэй абʼекты, могуць ствараць месцы, прызначаныя для палення альбо могуць адмовіцца ад іх стварэння.
Забарона можа закрануць і электронныя цыгарэты. Стваральнікі дэкрэту прапанавалі прыраўняць парагенератары да звычайных. Пакуль гэты тавар знаходзіцца па-за кантролем дзяржавы.
На абʼектах, дзе курэнне забаронена, трэба будзе размяшчаць спецыяльны знак. За адміністрацыйнае парушэнне пагражае штраф да чатырох базавых (92 рублі).
Гісторыя антытытунёвага закону
Спробы забараніць курэнне ў грамадскіх месцах рабіліся і раней. Праект антытытунёвага закону, які прадугледжваў павышэнне кошту тытунёвай прадукцыі, забарону на ўтоеную рэкламу ды іншыя меры, распрацавалі яшчэ ў 2013 годзе. Аднак да гэтага часу Міністэрства аховы здароўя не прыняло дакумент.
Некаторыя меры па абмежаванні продажу цыгарэт усё ж прынялі: забаранілі выкладваць цыгарэты ў крамах — цяпер на касах можна ўбачыць толькі пералік назваў з коштамі.
У ліпені летась Лукашэнка заявіў пра неабходнасць знайсці новыя падыходы ў барацьбе з курэннем.
Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, цяпер у Беларусі кураць 28% дарослага насельніцтва краіны.