Амаль 90% расійцаў не супраць захапіць тэрыторыі постсавецкіх краін
54% расійцаў лічаць, што Расія мае права далучаць да сябе тэрыторыі былых рэспублік СССР на падставе заяў, што рускія, якія там пражываюць, могуць ці ўжо адчуваюць прыгнёт і ўшчамленне сваіх правоў.
Фота: korrespondent.net
На іх думку, Расія павінна "абараняць сваіх". Пра гэта сведчаць дадзеныя апытання, праведзенага 25–28 красавіка расійскім "Левада-цэнтрам".
Яшчэ 34% грамадзян РФ мяркуюць, што Расія такога права не мае, але "ў выпадку далучэння Крыма Расія паводзіць сябе годна і законна, у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права".
І толькі 4% жыхароў Расіі лічаць, што такога права ў Масквы няма, а такія дзеянні з'яўляюцца анексіяй чужой тэрыторыі і ваеннай інтэрвенцыяй супраць суверэннай дзяржавы.
Як паведамляў Тэлеграф, 22 траўня прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, кажучы аб магчымым прыгнёце рускіх у краіне, заявіў, што "рускія ў Беларусі самі сябе прыгнятаюць", і даручыў Камітэту дзяржбяспекі неадкладна спыняць падобныя размовы, ад каго б яны ні зыходзілі.