Амаль па 100 сутак за кратамі. Мужа і жонку за экстрэмізм у перапісцы сёмы раз пакаралі арыштамі
Сужэнцам Сяргею Крупенічу і Анастасіі Крупеніч-Кандрацьевай суд Ленінскага раёна Мінску даў чарговыя суткі арышту да ўжо адседжаных. Мужу — 15, жонцы — 14. Такім чынам, за кратамі яны адбудуць 99 і 98 дзён адпаведна, піша «Свабода».
Пра гэта ў сацсетках паведамілі сябры сям'і.
Сяргея і Анастасію затрымалі ў сярэдзіне ліпеня. Ад таго часу іх ужо сем разоў судзілі паводле арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Муж і жонка перасылалі адзін аднаму паведамленні з тэлеграм-каналаў, якія цяпер прызналі экстрэмісцкімі.
Пасля адной з першых адсідак маладыя людзі паехалі ў Польшчу, але неўзабаве вярнуліся. І зноў трапілі за краты.
Сяргею — 26 гадоў, ён скончыў БДУІР і працаваў android-распрацоўнікам. Анастасія ў турме адзначыла 27-годдзе, яна настаўніца рускай мовы і літаратуры. Яе кантракт з навучальнай установай заканчваўся ў жніўні.
Цяпер абое знаходзяцца ў турме на Акрэсціна.