Альтэрнатыўная мапа Гомеля: метро, заапарк, дыназаўры (фота)
Вы ўпершыню наведалі Гомель і не ведаеце, куды пайсці? Альбо вы даўно жывяце ў абласным цэнтры, але мала пра яго ведаеце? Ці ведаеце шмат, але хочацца даведацца яшчэ болей?
Тады альтэрнатыўная мапа Гомеля, створаная сябрамі краязнаўчай арганізацыі“Талака”, — гэта для вас.
“Часта можна пачуць, што ў Гомелі няма на што паглядзець, што гэта шэры горад.... Перакананыя ў адваротным, мы вырашылі паглядзець на наш родны горад інакш”, — так палічылі стваральнікі альтэрнатыўнай мапы. Праца над яе стварэннем ішла некалькі месяцаў. Аўтары размясцілі на ёй не толькі моцныя бакі горада, але і слабыя. А таксама пазначылі гарадскія легенды, фізічную і гарадскую актыўнасць, назвы гістарычных раёнаў. А самае галоўнае — свае прапановы і мары.
На мапе — 75 пунктаў. Сярод гарадскіх адметнасцяў — галубятня, “шакаладная алея”, помнік “прэвед-медведу”, вулічны мастак Валеры Ляшкевіч і многае іншае. Гарадская актыўнасць прадстаўленая шахматыстамі, аматарамі арт-хаўсу, беларускіх танцаў, хэндмэйду, клубам “Што? Дзе? Калі?” і іншымі. Гарадскія легенды апавядаюць пра месца, дзе адбыўся першы афіцыйны футбольны матч Беларусі. Пра падземны лабірынт праз Сож. Пра знакамітага літаратурнага героя Лазіка Ройтшванеца, прыгоды якога ў Гомелі апісаў пісьменнік Ілля Эрэнбург.
Не абышлі стваральнікі мапы і крытычныя моманты гораду. Напрыклад, пра перанасычэнне гораду рэліктамі савецкай эпохі. Альбо пра віна-гарэлачны завод, які месціцца прама ў цэнтры і які так любяць аматары “чарнілаў”. Ці пра тое, што ў Гомелі знішчаецца ўнікальная драўляная забудова.
А вось сярод мараў складальнікі “альтэрнатыўнай мапы” пазначылі, да прыкладу, метро, заапарк, палеанталагічны музей, пешаходную вуліцу, аглядальную пляцоўку.
Як заўважаюць складальнікі, мапа складалася пры дапамозе метаду “крытычнага мапавання”. То бок самі ўдзельнікі вызначалі, што адлюстроўваць. “Гэта дазваляе паглядзець на звыклыя рэчы інакш”, — заўважаюць аўтары праекту.
Зміцер Кірыенка — студэнт-архітэктар 5 курса — кажа, што для яго ўдзел у стварэнні “альтэрнатыўнай мапы” шмат даў у асабістым плане. “Я болей даведаўся пра Гомель. Зразумеў, што можна інакш падыходзіць да складання праектаў. Я хачу такі нестандартны падыход выкарыстоўваць у сваёй будучай працы”, — зазначыў Зміцер Кірыенка.
Старшыня гомельскай краязнаўчай арганізацыі “Талака” Яўген Меркіс патлумачыў, чаму на мапе пазначаныя не ўсе гарадскія аб’екты: “Мапа не з’яўляецца абсалютным дапаможнікам. Гэта спроба павялічыць цікаўнасць да нашага горада”.
Пасля прэзентацыі “кратычнай мапы” Гомеля адбыўся выступ мінскага гурта “NAVI”, які запомніўся гомельскай публіцы. Прычым настолькі, што маладым выканаўцам давялося пасля міні-канцэрту раздаваць аўтографы.
“Альтэрнатыўная мапа” Гомеля была створаная ў межах кампаніі “Зробім лепш”.
gomelcivil.org, Кася Юрэвіч, Гомель