Аляксандр Фядута: Падчас шпацыраў па нашым дворыку дэманструю чайкам, што я ў форме
Прыйшлі навіны з-за кратаў ад Аляксандра Фядуты. Мяркуючы па ўсім, настрой у вядомага журналіста, палітолага і філолага бадзёры, піша «Народная Воля».
Калі хтосьці са шкадаваннем ловіць апошнія тыдні лета, дык
Аляксандр Іосіфавіч ставіцца да гэтага зусім па-іншаму: «Вось пра што я
дакладна не шкадую, дык гэта пра цяперашняе лета. Яно далося мне вельмі цяжка.
Гарачыня была амаль невыносная. 28 чэрвеня, напрыклад, у самы разгар спёкі,
нават пачаў губляць прытомнасць… Зараз, дзякуй Богу, мне лягчэй».
Фядута імкнецца падтрымліваць сябе ў тонусе і не губляе
пачуцця гумару: «Падчас шпацыраў па нашым бетонным дворыку ўмудраюся рабіць
нейкія фізічныя практыкаванні, дэманструючы чайкам, якія пралятаюць над
галовамі з дзікім рогатам, што я ўсё яшчэ ў форме».
Нягледзячы на змрочныя абставіны, вядомы філолаг выношвае
пэўныя творчыя планы — абдумвае кнігу пра падзеі, якія адбываліся ў
Паўночна-Заходнім краі Расійскай імперыі пасля паразы паўстання 1863 года,
грунтуючыся на ўспамінах аднаго з чыноўнікаў канцылярыі генерал-губернатара
Мураўёва. «У сукупнасці атрымаецца цудоўная кніга, значная частка якой будзе
апублікавана ўпершыню», — упэўнены Фядута.