Алесь Чаркашын. Прэм'ера кліпу «Не здавайся!» (відэа)
На дзень Беларускай вайсковай славы прыпалі 9 дзён па смерці «Тараса» — беларускага добраахвотніка Алеся Чаркашына. У гонар усіх беларускіх ваяроў сёння на "Белсаце" — прэм’ера кліпу на песню Алеся Чаркашына «Не здавайся!»
«З Алесем пазнаёміўся на перадавой у Песках, падчас здымак да фільму «Білорус». Вясёлы, жыццярадасны хлопец, вернік. Аднойчы ўзяў у рукі гітару, і тады я пачуў яшчэ чарнавую версію песні «Не здавайся», яна моцна закранула мяне, — гаворыць рэжысёр-дакументаліст Антось Цялежнікаў. — Я прапанаваў зрабіць яе музычным трэкам майго фільму. Алесь ахвотна пагадзіўся. Праз некалькі месяцаў песню запісалі ў студыі».
Паводле Антося Цялежнікава, ідэя зрабіць кліп на гэтую песню з’явілася пасля прэзентацыі фільму: «Я змантаваў кліп з нявыкарыстаных для стужкі матэрыялаў, паказаў Алесю чарнавы мантаж, яму спадабалася, думаў пра тое як зрабіць прэзентацыю з ягоным удзелам. Апошні кантакт з ім адбыўся 6 жніўня, я абяцаў што неўзабаве адбудзецца прэзентацыя кліпу. Праз два дні ён быў паранены ў баі пад Старагнатаўкай. Апошнія радкі песні «Не здавайся», на жаль, апынуліся для яго прарочымі...
28 жніўня Алесь адышоў у лепшы свет. Я адшукаў рэдкія кадры, дзе з’яўляўся твар Алеся, ён катэгарычна не хацеў трапляць у кадр, хвалюючыся за бяспеку сваіх блізкіх і родных у Беларусі. Кліп быў перамантаваны...
Хацеў бы каб ён быў запрэзентаваны менавіта 8 верасня ў Дзень беларускай вайсковай славы, дзе цяпер ёсць месца і для нашага беларускага героя — Алеся Чаркашына».