Акцыя супраць расійскіх вайсковых баз у Беларусі

Акцыю “За мірную, нейтральную Беларусь!”, якую ініцыяваў аргкамітэт руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі”, плануецца правесці бліжэй да прэзідэнцкіх выбараў.



no_to_russian_military_bases_in_belarus.jpg

Пра гэта паведаміў старшыня створанага руху, паэт і палітык Уладзімір Някляеў. Ён падкрэслівае, што ў тым законапраекце, які прапануе расейскі ўрад, і які тычыцца расійскай вайсковай базы на беларускай тэрыторыі, ёсць вельмі небяспечныя моманты:

— Гэтыя базы, якія плануецца размясціць на тэрыторыі Беларусі, абсалютна не падпарадкоўваюцца ніякім беларускім законам. Больш за тое, яны закрытыя для ўсіх беларусаў, не толькі шараговых, але і для прадстаўнікоў улады. Ніхто не можа зайсці на тую базу, ніхто не можа правяраць транспарт, які на яе накіроўваецца, ніхто не можа правяраць узбраенне, якое там знаходзіцца. А там вельмі проста можа знаходзіцца і ядзернае ўзбраенне.

— Сам факт знаходжання замежнай вайсковай базы ператварае Беларусь з нейтральнай краіны  у краіну-мішэнь, якая першай можа падвяргацца нападу, — дадае Уладзімір Някляеў. Цяпер палітык вядзе перамовы з апазіцыйнымі структурамі і грамадскімі арганізацыямі, якія маглі б далучыцца да акцыі, каб зрабіць яе больш масавай.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ©”Гавары праўду”