Афіцыйны прафсаюз звяртае ўвагу Міністэрства аховы здароўя на праблемы хуткай дапамогі
Беларускі прафсаюз работнікаў аховы здароўя, які ўваходзіць у склад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), падаў Міністэрству аховы здароўя свае прапановы па паляпшэнні ўмоў працы работнікаў службы хуткай медыцынскай дапамогі.
Падставай для звароту сталі частыя заявы медработнікаў хуткай дапамогі пра ўмовы працы.
У Міністэрства аховы здароўя пададзена каля дваццаці прапаноў і патрабаванняў, якія датычацца пытанняў абароны працоўных правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў гэтай катэгорыі работнікаў,
паведамляе прэс-служба ФПБ. Так, напрыклад, прафсаюз прапануе ведамству ініцыяваць унясенне зменаў у пастанову ўрада № 859 ад 13 чэрвеня 2008 года "Аб удасканаленні аплаты працы асобных
катэгорый урачоў" з тым, каб павысіць тарыфныя аклады ўрачам службы хуткай (неадкладнай) медыцынскай дапамогі на 25%.
Прафсаюз таксама прапануе ўключыць медработнікаў выязных брыгад хуткай дапамогі ў пералік катэгорый работнікаў, якія могуць прэтэндаваць на надбаўкі паводле пастановы Мінпрацы № 6 ад 21 студзеня 2000
года "Аб мерах па ўдасканаленні ўмоў аплаты працы работнікаў арганізацый, якія фінансуюцца і карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі".
Акрамя таго, Міністэрству аховы здароўя перададзены прапановы па распрацоўцы тыпавой інструкцыі па ахове працы для медработніка службы хуткай дапамогі.
Як паведамляе прэс-служба ФПБ, прапановы былі падрыхтаваныя па выніках вывучэння спецыялістамі рэспубліканскага камітэта галіновага прафсаюза праблем работнікаў станцый хуткай медыцынскай дапамогі
Мінска, а таксама Мінскай, Гродзенскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Інспектары ацэньвалі пытанні ўкамплектаванасці службаў, аплаты працы, выканання працоўных правоў работнікаў, аховы працы,
забеспячэння санітарным адзеннем і іншыя аспекты.
Варта адзначыць, што першыя паведамленні работнікаў хуткай меддапамогі аб недапушчальных умовах працы з'явіліся ў СМІ ў снежні мінулага года. Медыкі расказвалі пра тое, што многім з іх
прыходзіцца перапрацоўваць устаноўленыя нормы гадзін, а таксама працаваць у недаўкамплектаваных брыгадах. Тады ж яны сталі збіраць подпісы пад калектыўным зваротам да ўлад з патрабаваннем палепшыць
умовы іх працы.
У пачатку студзеня збор подпісаў перайшоў на інтэрнэт-пляцоўку change.org, дзе была размешчаная петыцыя работнікаў хуткай медыцынскай дапамогі да Аляксандра
Лукашэнкі і міністра аховы здароўя Васіля Жарко. Аўтары звароту дамагаліся прыняцця закона "Аб хуткай медыцынскай дапамозе" і прапанавалі павысіць аклады медперсаналу хуткай дапамогі
мінімум удвая. Праз два дні петыцыя была закрытая без тлумачэння прычын, за гэты час яе падпісала больш як пяць тысяч чалавек. Неўзабаве была зробленая спроба аднавіць збор подпісаў, аднак доступ да
петыцыі зноў быў закрыты.
9 студзеня дзяржаўнаму агенцтву БелТА ў камітэце па ахове здароўя Мінгарвыканкама паведамілі, што ў 2014 годзе будуць павялічаныя даплаты медработнікам
Мінска, у тым ліку супрацоўнікам службы хуткай дапамогі — гэта пытанне разглядалася на сесіі Мінгарсавета ў снежні. У камітэце таксама паведамілі, што ўсім супрацоўнікам службы хуткай
дапамогі, якія працуюць па кантракце, устаноўлена "штомесячная надбаўка да службовага акладу ў памеры 50%", і сёлета яна будзе павялічаная. Так, даплата ўрачам і фельчарам, якія
выязджаюць па выкліку самастойна, будзе павялічана да 6,5 базавай велічыні (845 тыс. рублёў), паведамілі ў ведамстве.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН