Абвінавачаны па "справе графіцістаў": Нам казалі, што мы ніколі не выйдзем на волю
Адзін з абвінавачаных па “справе графіцістаў” Максім Пякарскі распавёў, як праходзіла ягонае затрыманне.
“У момант затрымання я, Вадзім Жаромскі і яшчэ адзін грамадзянін Расійскай Федэрацыі знаходзіліся ў кватэры, вокны ў комнаце былі расчыненыя. Сядзелі, размаўлялі на бытавыя тэмы, і раптам я заўважыў, што нешта сыплецца зверху на падваконнік.
І літэральна праз некалькі секундаў зверху спускаецца чалавек па канаце ўвесь у абмундзіраванні, залятае ў вакно, дастае пісталет, наводзіць на нас і крычыць: “Усім ляжаць!” Адразу за ім праз вакно залятае яшчэ адзін супрацоўнік, які крычыць: “Вы што савецкую ўладу не любіце?”
Мы ў шоку ад таго, што адбываецца, — распавёў хлопец праваабарончаму цэнтру “Вясна”. — Пасля гэтага яны пачынаюцца лаяцца, збіваць нас, ужываць электрашокер. Хтосьці з іх адчыніў дзверы — залятаюць яшчэ некалькі чалавек, і агулам у кватэры было ўжо каля 10 супрацоўнікаў, у тым ліку і следчыя”.
Пасля, паводле Пякарскага, на маладзёнаў «пачалі псіхалагічна ціснуць, выбіваць прызнанні ў маляванні графіці, дапытваць па чарзе адразу ў кватэры, пагражалі, што пасадзяць у турму».
«Пасля прайшоў вобшук у кватэры, праглядалі ўсё вельмі дасканальна, літаральна кожны лісток. Але панятых прывялі толькі хвілін праз 20 пасля таго, як пачалі агляд. Потым пачалі апісваць і вымаць кампутары, флэшкі, дакументы, банкаўскія карткі. Папсавалі маёмасць у кватэры — разбілі шкляны столік, напрыклад, — кажа Пякарскі. — Сталі пагражаць, што пасадзяць у турму не толькі нас, але і маю дзяўчыну. Яна ў гэты час мне як раз тэлефанавала, і пры нас супрацоўнік падняў тэлефон і падманам выклікаў яе на допыт. Сказаў, нібыта я на ровары збіў дзіцё, і трэба каб яна таксама пад’ехала. Мне не давалі тэлефанаваць, груба парушалі мае правы, у тым ліку і права на абарону. Пасля вобшуку нас вывелі ў наручніках як злачынцаў, пасадзілі ў машыну і адвезлі ў Следчы камітэт. Там на нас працягнулі ціснуць, пагражаць, дапытвалі да самай ночы. Казалі, што мы трапілі на “базу” і ўжо ніколі не выйдзем на волю. Там жа дапытвалі і маю дзяўчыну, пагражалі і ціснулі на яе».
Нагадаем, 11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя па падазрэнні ва ўдзеле па трох крымінальных справах: нанясенню беларускамоўных графіці “Беларусь мае быць беларускай” і “Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе…”, а таксама запэцкванню фарбай сацыяльнага бігборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі.
20 жніўня Следчы камітэт прад'явіў абвінавачванні Максіму Пякарскаму і Вадзіму Жаромскаму па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу — “Хуліганства, здзейсненае групай асобаў”.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” выступіў з заявай наконт сітуацыі, якая склалася, і патрабаваў неадкладнага вызвалення з-пад варты Вячаслава Касінерава, Максіма Пякарскага і Вадзіма Жаромскага.
31 жніўня Пякарскі і Жаромскі былі адпушчаныя пад падпіску аб нявыезде і падпіску аб неразгалошванні. Па меркаванню праваабаронцаў, узяццё падпісак аб неразгалошванні матэрыялаў папярэдняга следства незаконна.