«Абудзіся»: беларускія змагары з астэроідамі

У нядзелю, 15 мая, а 21-й гадзіне па мінскім часе скончыцца "конкурс народных сімпатый" NASA. У цэнтры інтрыгі — беларуская каманда "Wake Up, Neo...", якая разам с двума іншымі праектамі змагаецца за тое, каб трапіць у пяцёрку пераможцаў. Барацьба за пятае месца напружаная, адрыў між канкурэнтамі вымяраецца парай соцень галасоў. 

Беларуская каманда "Wake up, Neo..."

Беларуская каманда "Wake up, Neo..."


У беларускім сегменце сацыяльных сетак распачаўся рух за падтрымку суайчыннікаў, эмоцыі не горшыя за Еўрабачанне. Праўда, арганізатары і тэма мерапрыемства на парадак больш сур'ёзныя.

Мэта конкурса — адзначыць "іннавацыйныя праекты, накіраваныя на вырашэнне праблем чалавецтва на зямлі і ў касмічнай прасторы".

Змагаюцца між сабой 128 праектаў, папярэдне адабраных экспертамі. Матэрыяльных прызоў няма, адзіная ўзнагарода — узгадка пераможцаў на сайце NASA. На першы погляд, гэта нібыта няшмат... Але для перспектыўнага стартапа менавіта такое дасягненне можа адкрыць дзверы ў свет сур'ёзных інвестараў, стаўшы першым крокам на шляху да вялікага поспеху.

Сутнасць беларускага праекту — аўтаматычны аналіз светлавых слядоў астэроідаў з мэтай ідэнтыфікацыі згубленых нябесных аб'ектаў і класіфікацыі яшчэ невядомых. Як сцвярджаюць аўтары, гэта дапаможа прадухіліць рызыку знікнення чалавецтва ў выніку катастроф, падобных да той, якая знішчыла дыназаўраў.


Першая чацвёрка фіналістаў ужо больш-менш зразумелая, а вось за апошняе прызавое месца ідзе напружаная барацьба. Апоўдні ў нядзелю беларусы займалі сёмае месца ў рэйтынгу, для таго каб патрапіць у top-5 ім не хапала прыкладна 260 галасоў.

spaceawards_top25.png


Галасаваць у конкурсе можа любы жадаючы — для гэтага трэба толькі зайсці на старонку беларускага праекту і націснуць кнопку "Vote now", прайшоўшы невялікую працэдуру рэгістрацыі.